У Беларусі заявілі, што 60-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці атрымаў цяжкія агнястрэльныя раненні падчас інцыдэнту з польскай паліцыяй на трасе S8. У Мінску сцвярджаюць, што сілавікі адкрылі агонь без падстаў, а польскія СМІ пішуць, што кіроўца накіраваў аўтамабіль у бок праваахоўнікаў. Hrodna.life сабрала ўсё, што вядома пра здарэнне.

Што заявілі ў Беларусі

20 мая ў праграме «Панарама» на тэлеканале Беларусь 1 выйшаў сюжэт. У ім сказана, што беларуса на нядаўна купленым BMW абстралялі ў Польшчы, пакуль ён ехаў з Германіі дадому. Усё адбылося ў ноч на 12 мая.

У сюжэце сцвярджалася, што на мужчыну напалі невядомыя ў цывільнай вопратцы на цывільных аўтамабілях. Яны заблакавалі машыну беларуса і «без тлумачэння прычын расстралялі ўшчыльную з агнястрэльнай зброі». Кіроўца атрымаў раненні галавы і нагі.

Што вядома пра раненне мужчыны

Таксама ў эфіры ўдакладнілі, што пацярпелы — 60-гадовы жыхар Гродзенскай вобласці, а тыя, хто страляў, аказаліся супрацоўнікамі крымінальнай паліцыі Польшчы. Аўтары сюжэта заявілі, што дапамога ў польскай бальніцы была аказана якасна, з-за чаго мужчына нібыта можа застацца інвалідам.

Паводле версіі тэлеканала, польскія лекары «дасталі кулі, а раны наглуха зашылі», хоць «пры такіх раненнях рабіць гэта катэгарычна забаронена».

Акрамя таго, у сюжэце прагучала сцвярджэнне, што «каб схаваць факты свайго беззаконня, польскія паліцэйскія ў крыві мужчыны шукалі наркацікі і алкаголь». Пры гэтым такія праверкі пасля інцыдэнтаў з прымяненнем зброі з’яўляюцца стандартнай практыкай і ў іншых краінах, уключаючы Беларусь.

Беларус атрымаў агнястрэльныя раненні ў Польшчы? Версіі краін адрозніваюцца — вось што вядома пра інцыдэнт
Раненне мужчыны. Фота: скрын з відэа, t.me/Neman102

Тэлеканал сцвярджае, што валодае фактамі, «здабытымі з-за мяжы, якія неабвержна сведчаць пра грубыя факты польскага беззаконня». У эфіры таксама заявілі, што аўтамабіль атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні: было разбіта шкло, кузаў «падобны на рэшата», а ў салоне было шмат крыві.

Паводле даных тэлеканала, у машыне налічылі «тры дзясяткі кулявых адтулін па баках і ў задняй частцы аўто». Пасля таго, што адбылося, мужчына папрасіў знаёмых дапамагчы яму дабрацца да мяжы. Ужо ў Беларусі яго экстрэна шпіталізавалі.

Стан пацярпелага ацэньваўся як вельмі цяжкі: у яго была вялікая страта крыві і пагроза жыццю. Пазней мужчыну перавезлі ў ваенны шпіталь у Мінску.

«У пацыента маецца цяжкае агнястрэльнае пашкоджанне галавы з уцягваннем у зону пашкоджання сярэдняга, унутранага і вонкавага вуха, органаў нюху, слізістай абалонкі поласці рота, множныя пераломы канечнасцяў. Таксама на фоне агнястрэльнага пашкоджання галёнкі ёсць кампрэсійная ішэмічная неўрапатыя малоберцовага нерва», — гаварылася ў сюжэце.

Паводле інфармацыі тэлеканала, пагрозы жыццю зараз няма, аднак беларускія лекары працягваюць змагацца за захаванне параненай нагі пацыента.

Заява МЗС Беларусі

У той жа дзень з заявай выступіла Міністэрства замежных спраў Беларусі. Там паведамілі, што польскія сілавікі нібыта памылкова прынялі беларусаў за членаў злачыннай групы.

У МЗС заявілі, што тое, што адбылося, «прымушае сур’ёзна ўсумніцца ў рэальным узроўні бяспекі, які дэкларуецца польскім бокам», і рэкамендавалі беларусам улічваць падобныя рызыкі пры паездках у Польшчу. Пры гэтым ведамства прывітала пачатак праверкі з боку польскай пракуратуры і выказала спадзяванне на аб’ектыўнае расследаванне.

Беларус атрымаў агнястрэльныя раненні ў Польшчы? Версіі краін адрозніваюцца — вось што вядома пра інцыдэнт
Аўтамабіль. Фота: скрын з відэа, t.me/newsby_btrc

Што паведаміў Следчы камітэт

21 мая Следчы камітэт Беларусі заявіў пра тое, што па факце здарэння праводзіцца праверка. Паводле даных СК, інцыдэнт адбыўся на трасе S8 каля горада Сыцуў. Ведамства сцвярджае, што польскія сілавікі адкрылі агонь «беспадстаўна», а аўтамабіль атрымаў 29 кулявых адтулін.

У СК таксама паведамілі, што вызначаны асобы паліцэйскіх, якія ўдзельнічалі ў стральбе. Беларускі бок паабяцаў даць здарэнню «жорсткую прававую ацэнку». СК таксама ўдакладніў, што пацярпелы — ураджэнец Слоніма.

Што пішуць польскія СМІ

Польскія медыя паведамілі пра інцыдэнт практычна адразу пасля здарэння. Так, партал TVN24 апублікаваў матэрыял ужо 13 мая.

Паводле інфармацыі польскай паліцыі, супрацоўнікі крымінальнага аддзела спрабавалі праверыць тры аўтамабілі на пляцоўцы абслугоўвання каля трасы S8. Адзін з кіроўцаў, як сцвярджаецца, паспрабаваў уцячы і пераехаў паліцэйскаму нагу.

Яшчэ адзін кіроўца накіраваў аўтамабіль у бок супрацоўнікаў паліцыі і праігнараваў патрабаванні спыніцца. Пасля гэтага паліцэйскія адкрылі агонь. Пацярпелага даставілі ў бальніцу, а пракуратура пачала праверку законнасці прымянення зброі. Польскі бок падкрэслівае, што такая працэдура з’яўляецца стандартнай.

Пра стральбу таксама паведамляла Radio Wrocław 12 мая.

Там пацвердзілі, што аперацыя праходзіла каля Сыцува, а адзін з аўтамабіляў рухаўся ў бок паліцэйскіх, пасля чаго супрацоўнікі адкрылі агонь.

Мясцовы партал NowaOleśnica пісаў, што інцыдэнт адбыўся паміж 1:00 і 2:00 ночы. Паводле даных выдання, паліцыя праводзіла аперацыю, звязаную з магчымай злачыннай дзейнасцю. Польскія сілавікі не раскрывалі дэталяў, ці тычыліся дзеянні гандлю наркацікамі або іншых злачынстваў. Выданне таксама паведамляе, што адзін з кіроўцаў падпарадкаваўся патрабаванням паліцыі і спыніўся. Двое іншых паспрабавалі ўцячы.

Там таксама паведамляецца, што адзін з іх наехаў на супрацоўніка. Другі ж кіроўца накіраваў свой аўтамабіль проста на праваахоўнікаў, якія расцанілі гэта як прамую пагрозу жыццю.

— Мужчына, які кіраваў гэтым аўтамабілем, з траўмамі, што не пагражаюць жыццю, дастаўлены ў бальніцу, — паведаміў Марчын Свежы, прэс-сакратар валбжыхскай камендатуры.

А вось мужчына, які пераехаў паліцэйскаму нагу, працягнуў уцёкі. Пачатая за ім пагоня прывяла супрацоўнікаў на тэрыторыю Велікапольскага ваяводства, дзе ён у выніку і быў затрыманы.

Зараз следчыя праводзяць далейшыя працэсуальныя дзеянні па гэтай справе.