Лукашэнка даручыў МЗС правесці перамовы з літоўскім бокам па сітуацыі на мяжы. На паведамленне прэс-службы Лукашэнкі звярнула ўвагу «Медиазона».

У паведамленні міністру замежных спраў даручаюць “арганізаваць перамовы па пытаннях нармалізацыі сітуацыі” з удзелам літоўскага боку.

Каардынаваць перамовы даручылі дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вольфавічу.

Літва зачыніла мяжу з Беларуссю 29 кастрычніка з-за перакіду кантрабанды метэазондамі. Пакуль абмежаванні ўвялі да 30 лістапада.

Пасля закрыцця мяжы з Літвой у Беларусі засталося крыху больш за тысячу замежных фур. Лукашэнка выступіў супраць часовага адкрыцця калідора для вываду літоўскіх фур з тэрыторыі краіны. А пасля заявіў, што грузавікі перамесцяць на стаянкі. У Літве не выключаюць, што ёсць рызыка канфіскацыі фур.

На нарадзе 10 лістапада Лукашэнка сказаў, што “літоўскія ўлады вырашылі мышкаваць” і паспрабавалі “нас яшчэ раз абвінаваціць і нахіліць у гэтых ці то шарыках, ці то яшчэ ў чымсьці”.

Пасля ён дадаў, што «грузаатрымальнікі ў Літве ні ў чым не вінаватыя» і параіў ім звярнуцца «да сваіх уладаў для вырашэння пытанняў».

Чытайце таксама: Лукашэнка збіраецца ехаць у Гродзенскую вобласць