Мясцовая рада Беластока 3 сакавіка вырашыла разарваць кантакты з Гроднам. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце bialystok.pl. Прычына — удзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны на баку агрэсара.
«Беластоцкае самакіраванне, як і ўвесь цывілізаваны свет, асуджае далейшую агрэсію войскаў Расійскай Федэрацыі на незалежную Украіну. Кожны дзень гэтага жорсткага канфлікту снарады падаюць на гарады, гінуць людзі, сярод іх жанчыны і дзеці. Рэспубліка Беларусь вырашыла адназначна выступаць у гэтым канфлікце на баку агрэсара, падтрымліваючы яго і ў ваенным, і ў лагістычным плане. У такой сітуацыі, працяг партнёрскіх адносін у якой бы форме паміж Беластокам і беларускім самакіраваннем недапушчальна. Улічваючы вышэйсказанае, горад Беласток не мае намеру весці партнёрства з Гроднам», — напісала мясцовая рада Беластока ў праекце разрыву кантактаў.
Гарады супрацоўнічалі больш за 60 гадоў
Першую дамову гарады падпісалі ў 1960-м годзе. Гэта дамова паўплывала на развіццё турыстычных і культурных зносінаў. Пасля падпісання гэтай дамовы, Беласток стаў першым горадам пабрацімам Гродна.
У сакавіку 2021 года гарадская рада Беластока вырашыла прыпыніць супрацоўніцтва з уладамі Гродна. Гэта было звязана з рэпрэсіямі супраць беларускіх палякаў.
Раней кантакты з Гроднам разарваў Вроцлаў
Дэпутаты Вроцлаўскай гарадской рады 2 сакавіка падтрымалі праект рэзалюцыі аб сканчэнні супрацоўніцтва з Гроднам. З Гродзенскай вобласцю спыніла адносіны Падляшскае ваяводства. Польскія мясцовыя ўлады патлумачылі, што гэта адказ на дзеянні рэжыму Лукашэнкі, а не крок супраць беларускага народу.