Гісторык Мечыслаў Супрон прадставіў у сваім блогу праект адбудовы страчанага квартала ў раёне вуліцы Замкавай у Гродне. Над гэтым праектам ён разам з калегам Сяргеем Шчукіным працаваў год. Грошы на праект былі сабраныя праз краўдфандынг. Публікуем запіс з блога цалкам.
Што ўяўляў сабой гэты квартал?
Квартал знаходзіўся ва ўсходняй частцы вуліцы Замкавай у непасрэднай блізасці да галоўнай гарадской плошчы — Рынка. Перад Другой сусветнай вайной гэта быў густа населены раён з трыма вуліцамі і шчыльнай забудовай.
На працягу доўгага часу існавання гэтая вуліца мела шмат назваў: Царкоўная, Метрапалітанская, Партыкулярная, Падзамча, Манастырская, Кляштарная, Фабрычная. У сваёй працы мы ўжылі варыянт назвы вуліцы канца XVIII — другой паловы ХІХ ст. — «Падзамча».
Што гэтая тэрыторыя ўяўляе сабой цяпер?
Цяпер на гэтым месцы — вялізная пустка, з краю якой стаіць Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Яго будаўніцтва было завершана ў 1959 г. Пасярэдзіне гэтай пусткі знаходзіцца масіўны Дом быту, узведзены напрыканцы 1960-х гг. Дзеля ўзвядзення гэтага аб’ёму былі зруйнаваны адразу некалькі гістарычных будынкаў XVIII — пачатку ХХ ст., а таксама цалкам сцертая з планіроўкі горада вуліца Падзамча, ад якой пасля вайны захавалася некалькі дамоў.
Чытайце таксама: Якім будзе абноўлены Дом быту ў Гродне
Што зрабіць для таго, каб адрадзіць гэтую частку горада?
Па-першае, мы прапаноўваем дэмантаваць Дом быту. Хоць гэты будынак, на нашу думку, з’яўляецца цікавым прыкладам савецкага мадэрнізму, аднак ён узводзіўся без уліку архітэктурнага асяроддзя. Знаходзячыся ў самым сэрцы гістарычнага цэнтру Гродна, Дом быту моцна псуе ансамбль вуліцы Замкавай, парушаючы яе цэласнасць. Нават у рэканструяваным выглядзе гэты аб’ём не будзе дазваляць рацыянальна выкарыстоўваць самую каштоўную частку гарадской прасторы.
Па-трэцяе, нават калі не зносіць Дом быту, на плошчы гэтага страчанага квартала можна адбудаваць з дзясятак аб’ектаў.
Несумненна, згаданая частка горада разам з Старым і Новым замкамі, пажарнай вежай і сінагогай, з’яўляюцца самымі наведвальнымі месцамі для турыстаў. Адбудова страчанай гістарычнай забудовы ўсходняй часткі вуліцы Замкавай і зніклых вуліц Падзамча і Збройнай будзе спрыяць развіццю турызму ў горадзе, а на турыстычнай карце горада можа з’явіцца адразу некалькі новых важных кропак.
Чым унікальны наш праект?
У нашай працы мы сабралі ўсю магчымую бібліяграфічную інфармацыю па гэтай частцы горада, увялі ў навуковы зварот дзясяткі невядомых раней архіўных крыніц, сістэматызавалі фотаграфічныя матэрыялы і зрабілі максімальна дакладную графічную рэканструкцыю 22 аб’ектаў. Для кожнага з гэтых аб’ектаў мы напісалі гістарычную даведку. Па сутнасці, наш праект з’яўляецца грунтоўнай падасновай для рэгенерацыі цэлага квартала ў гістарычным цэнтры Гродна. Акрамя таго, ён дапаможа прыцягнуць увагу патэнцыйных інвестараў, якія пажадаюць укласці грошы ў будаўніцтва новых гандлёва-офісных і гастранамічных аб’ектаў.
Гэтую працу мы накіруем у гродзенскі гарадскі і абласны выканаўчыя камітэты, а таксама яна будзе даступна для патэнцыйных інвестараў. Толькі ў супрацы мы зробім усё магчымае, каб гэты праект рэалізаваўся!
Падтрымайце нашу чарговую ідэю!
Цяпер мы збіраем сродкі для рэалізацыі іншага, не менш значнага для нашага горада праекта па рэгенерацыі гродзенскага Школьнага двара ў раёне Вялікай харальнай сінагогі. У першай палове ХХ ст. Школьны двор быў густанаселеным гарадскім кварталам з шчыльнай забудовай. Цяпер ён уяўляе сабой вялізную пустку ў гістарычным цэнтры Гродна. У нашым праекце будзе сістэматызавана ўся магчымая інфармацыя па гісторыі гэтага квартала, а таксама будуць створаны графічныя мадэлі страчаных будынкаў. Дадзены праект будзе садзейнічаць адбудове і рэгенерацыі гэтага ўнікальнага месца. Просім усіх ахвотных падтрымаць!
Глядзі ўвесь праект «Гісторыка-архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні страчанай гістарычнай забудовы квартала вуліцы Падзамча, Збройнай і ўсходняй часткі вуліцы Замкавай у Гродне».