«Добра, што майткі прыстойныя надзела», — першае, што я сказала мужу пасля вяртання з Ігналінскай АЭС. Бо перад наведваннем “атамкі” групу беларускіх журналістак і журналістаў папрасілі распрануцца да бялізны. Так пачалося знаёмства са станцыяй, якая ўжо 16 гадоў не вырабляе электраэнергію, але дае працу для 1500 чалавек. Журналістка Hrodna.life наведала АЭС на самай мяжы Літвы і Беларусі.

Ігналінскую АЭС пачалі будаваць у канцы 1970-х на беразе агульнага для Літвы і Беларусі возера Дрысвяты. І тады яна мела шанцы стаць першай беларускай АЭС – калі б будаўніцтва перасунулі літаральна на 5 км.

“Яе маглі пабудаваць і на беларускім баку возера, —  кажа супрацоўніца станцыі, —  але там менш стабільны грунт”.

Пуск першага блока адбыўся за савецкім часам. Апошні энергаблок спынілі ў 2009 годзе. Спыненне АЭС было ўмовай для ўступлення Літвы ў Еўрасаюз. 

Сёння станцыя не выпрацоўвае электраэнергію. Яна яе купляе ў энергасістэмы, каб працягваць дэмантажныя працы. 

“Людзі, якія калісьці прыехалі сюды працаваць, ставяцца да станцыі, як да свайго дзіця. Зараз яны сваімі рукамі разбіраюць тое, што будавалі”, — кажа спецыялістка па камунікацыях Мілда Кішкіце, якая праводзіла экскурсію для групы беларускіх журналістаў.

Побач з са станцыяй адмыслова для супрацоўнікаў станцыі збудавалі горад Вісагінас. Таму лёсы горада і АЭС цесна звязаныя. На вісагінскіх могілках багата надмагільных помнікаў з выявамі, звязанымі з АЭС: пазнавальнымі ігналінскімі комінамі, лагатыпам станцыі і нават блочным шчытом кіравання.

“Калі станцыя працавала, на ёй было каля 5,5 тысяч супрацоўнікаў. Цяпер засталося 1,5 тысячы, але новыя людзі патрэбны пастаянна”, — кажа Мілда.

Тэлефоны забіраюць, каскі выдаюць

На прахадной сядзіць служба аховы, як у аэрапорце. Па чарзе праходзім праз металічную рамку. Паказваю ахоўніку пасведчанне асобы. Ён добрасумленна звярае фота з тварам. 

З сабой дазволілі ўзяць толькі нататнік і асадку. Тэлефоны і дыктафоны засталіся ў камерах захоўвання. Астатнюю апаратуру можна ўзяць, толькі калі яе за некалькі тыдняў да экскурсіі ўнеслі ў спісы для пропуску на АЭС. Таму ў нас на васьмярых адна фота- і адна відэакамера.

Акрамя Мілды групу суправаджае яшчэ адзін супрацоўнік. Ён сочыць за фатографам і аператарам. Здымаць можна толькі з яго дазволу.

Прыкладваю часовы пропуск да чытніка. Дзверы-вяртушка, падобныя на тоўстыя металічныя драбіны, праварочваюцца. 

Падымаемся па лесвіцы з масіўнымі драўлянымі парэнчамі. Такія яшчэ можна сустрэць у старых савецкіх будынках. Мілда прыпыняецца перад наступнымі дзвярыма і дае інструктаж: “Распрануцца да бялізны, адзенне павесіць у шафу”.

Спачатку ў распраналку заходзяць жанчыны. Мілда выдае кожнай першы слой адзежы. 

Яно баваўнянае і хрумсткае, як халаты ў шпіталі. І ўсё беласнежнае.

“На белым лягчэй заўважыць бруд і адразу праверыць такое месца на радыяцыю” — тлумачыць Мілда. 

Працэдура з пераапрананнем гэта не адмысловы атракцыён для экскурсантаў. Усе супрацоўнікі станцыі праходзяць яе штодня. Беласнежную працоўную вопратку яны мяняюць раз на тыдзень ці часцей, калі яна забрудзілася. Гэта дадатковая мера бяспекі, каб нябачныя радыеактыўныя часцінкі не выходзілі за межы АЭС. 

Надзяваю споднія кашулю і порткі. Кожнай з нас выдалі яе памер. Таму строй сядзіць добра. 

“Усе гузікі мусяць быць зашпілены”, — кантралюе працэс Мілда. 

Са шкарпэткамі справа крыху горшая. Яны ўсе аднаго агромністага памеру. Для мяне гэта гольфы. Запраўляю ў іх порткі. Шкарпэтачныя пяткі тырчаць на лытках вярблюж’імі горбікамі. 

Наверх надзяваю яшчэ адзін беласнежны слой. Баваўняныя нагавіцы і нешта накшталт пінжака з кішэнямі. Хоць нататнік з асадкай ёсць куды пакласці. Бахілы і рэспіратар таксама кладу ў кішэню. Яны спатрэбяцца пазней. На ногі — туфлі. На далоні — пальчаткі. На галаву баваўняную шапачку, як у медсястры. Вядома ж, усё белае. Адзін каляровы акцэнт — жоўтая каска. Ацэньваю новы “лук” у люстэрка ва ўвесь рост. Жоўтая каска кідаецца ў вочы, як камяк масла ў бутэльцы з малаком. Нечакана люстэрка аказваецца дзвярыма. За ім пачынаецца доўгі калідор у галоўны корпус АЭС.

Тут працаваў рэактар такога ж тыпу, што і ў Чарнобылі

“Даўжыня галоўнага корпуса — 660 метраў або шэсць футбольных палёў. Уяўляеце, калі вы працуеце ў адным канцы, а вам трэба падысці да калегі на другім. І так некалькі разоў за змену”, — гаворыць Мілда, пакуль мы ідзём да другога блока АЭС. 

На электрастанцыі свая сістэма каардынат. Вышыня мераецца не паверхамі, а “адзнакамі”. Яны паказваюць на якой вышыні ад зямлі знаходзіцца памяшканне або абсталяванне. 

Падымаемся на 27-ю адзнаку. Тут зала рэактара. Перад уваходам надзяваем бахілы. Хоць ядзернага паліва ў рэактары ўжо няма, на абсталяванні і паверхнях могуць заставацца сляды радыеактыўнага забруджвання. Мілда раздае дазіметры. 

У рэактарнай зале блішчыць падлога. Яна не з бетону, а з нержавейкі. Бо бетон порысты і ўбірае радыеактыўны пыл, ваду і дробныя часціцы паліва. 

У памяшканні пахне паленым. Удалечыні сыплюцца іскры ад рэзкі металу. Гудзе незнаёмае абсталяванне. Каб пачуць Мілду, даводзіцца падыходзіць бліжэй. Яна кажа, што ідзе падрыхтоўка да наступнага этапу дэмантажу.

На падлозе вялікае кола. Уся яго паверхня пакрыта кружочкамі і квадрацікамі, як у сотах. Гэта верхняя частка рэактара РБМК-1500. На Чарнобыльскай АЭС працавалі рэактары такога ж тыпу, толькі меншай магутнасці.

Праз рэактар праходзілі тысячы вертыкальных тонкіх трубак. У адных унутры быў уран — гэта паліўныя зборкі. Іншыя ўтрымлівалі рэчыва, якое дазваляла кіраваць працай рэактара. Гэта стрыжні сістэмы кіравання і абароны. Усё гэта цяпер трэба бяспечна дэмантаваць. 

Даўжэй “ламаць”, чым будаваць. Чаму дэмантаж АЭС займае дзесяцігоддзі? 

Пасля выкарыстоўвання ядзернае паліва яшчэ доўга застаецца вельмі гарачым. Таму яго спачатку пяць гадоў захоўваюць пад вадой у адмысловым памяшканні з басейнам. Толькі пасля гэтага паліўныя зборкі перавозяць у сухое сховішча радыеактыўных адкідаў. 

Аб’ем басейна не разлічваўся на размяшчэння ў ім усіх паліўных зборак адразу. Працэс ішоў паступова. Менавіта таму дэмантаваць хутка АЭС немагчыма.

Памяшканне басейна вытрымкі пасля спуску вады
Памяшканне басейна вытрымкі пасля спуску вады. Фота: Siarhei Satsiuk / LookByMedia  

Зараз ні ў трубках рэактара, ні ў басейне вытрымкі няма паліўных зборак. Апошнія перамясцілі ў сховішча ў 2022 годзе. Пасля гэтага надышла чарга ачысткі вады ў басейне.

“Ваду, якая сутыкалася з радыеактыўнымі элементамі, у нейкім сэнсе бетаніруюць”, — тлумачыць Мілда.

Яе фільтруюць, рэшткі выпарваюць. Канцэнтрат і асадкі змешваюць з цэментам, заліваюць у бетонныя бочкі і пакідаюць у сховішчы радыеактыўных адкідаў. 

Дзе “чырвоная кнопка”, як з Чарнобыля?

Пасля рэактарнай залы мы здымаем бахілы і спускаемся на дзясятую адзнаку ў блочны шчыт кіравання (БШК) другім блокам. 

На БШК аператары кантралявалі працу рэактара, дзвюх турбін і двух генератараў. Раней за пультам кіравання адначасова працавалі пяць аператараў.

Усю залу займае доўгі паўкруглы пульт кіравання. Ён выглядае як стол з кнопкамі і пераключальнікамі. Насупраць яго на сцяне панэль з прыборамі і экранамі. Калі станцыя працавала, аператары па іх сачылі за ўсім, што адбываецца ў рэактары. 

На панэлі два вялікія кругі. Левы пакрыты тысячамі лямпачак, правы — сотнямі стрэлачных прыбораў. Так рэактар “размаўляў” з аператарамі і сігналізаваў пра няспраўнасці. 

Мілда паказвае на пераключальнік АЗ-1К — ігналінскі аналаг чарнобыльскай кнопкі АЗ-5, які выкарыстоўваецца для аварыйнага спынення рэактара:

“Наведвальнікі часта шукаюць чырвоную кнопку з Чарнобыля. Але пасля Чарнобыля падобныя кнопкі змянілі на пераключальнікі. Бо іх складаней павярнуць”. 

“Слесар — самы пажаданы супрацоўнік”

Перад машыннай заляй надзяваем рэспіратары, каб абараніць легкія ад пылу і маленькіх металлічных часцінак. 

Мы заходзім у высокі доўгі ангар. Раней тут стаялі чатыры турбіны і чатыры генератары. Іх ужо дэмантавалі. У залі ў абодвы бакі вольная прастора, аж да тарцавых сценак будынка. 

Цяпер ў памяшканні даўжынёй больш за 600 метраў склад не радыяцыйнага металалому.

“Літва першая ў свеце, хто разбірае станцыю, як пазл, па кавалках, — тлумачыць Мілда.— Таму слесар у нас — самы пажаданы супрацоўнік”.

На АЭС патрэбны і юрысты, і лабаранты: “Людзей з Беларусі таксама бяром”

На сайце АЭС ёсць раздзел Atviros karjeros galimybės (“Адкрытыя кар’ерныя магчымасці”). Там пералічаны пасады, на якія зараз шукаюць супрацоўнікаў.  

“Людзей з Беларусі таксама бяром, пасля таго як іх праверыць служба бяспекі”, — кажа Мільда.

Станцыя шукае розных спецыялістаў. Супрацоўнік аддзела радыяцыйнай бяспекі падцвярждае, што не хапае дазіметрыстаў. Паводле яго, у Літве няма ўніверсітэта, які рыхтуе спецыялістаў для працы на АЭС. Каб працаваць на станцыі, трэба атрымаць тэхнічную адукацыю. Веды, якіх не хапае, супрацоўнікі дабіраюць ужо падчас працы.

Сярод вакансій: слесары па дэмантажы, інжынеры, спецыялісты па фінансах. Заробкі залежаць ад пасады. Слесары без досведу працы атрымаюць на рукі 900 – 1100 еўра. Спецыялісты па фінансах — 2300 – 2800 еўра. 

Станцыя шукае не толькі тэхнічных спецыялістаў. Ёй патрэбны юрысты, лабаранты і нават спецыялісты па карпаратыўнай культуры. 

Важна памятаць, што заробкі ў вакансіях пазначаны да выплаты падаткаў. На рукі супрацоўнік атрымае, пасля адліку ўсіх падаткаў і страхавання, на 35-40% менш.

“You are clean”

У канцы экскурсіі гляджу на дазіметр. Ён паказвае 3 мікразіверты. 

“Падчас рэнтгену мы атрымліваем 16-20 мікразівертаў”, — кажа Мілда пра працэдуры ў літоўскіх паліклініках. 

Даведка Hrodna.life: У Беларусі доза падчас флюараграфіі залежыць ад абсталявання. Паводле дадзеных Гродзенскай гарадской паліклінікі №1, на сучасным лічбавым апараце апраменьванне складае 50 мікразівертаў, а на старым плёначным — 500 мікразівертаў. Пры гэтым плёначныя апараты яшчэ нядаўна працавалі ў некаторых беларускіх раённых бальніцах. У Івацэвіцкую цэнтральную раённую бальніцу (Брэсцкая вобласць) Міністэрства аховы здароўя паставіла лічбавы апарат толькі ў снежні 2024 года. Да гэтага часу там працаваў плёначны.

Наша праверка на радыяцыю на гэтым не скончылася. Мы зноў распранаемся да майткоў і станікаў і чакаем сваёй чаргі да манітора радыеактыўнага забруджвання цела. Станаўлюся на адмысловую платформу перад панэллю, пакрытай дзясяткамі бліскучых пласцін. Спачатку прыціскаюся носам, потым спінай. Прыбор шукае, ці не засталося на целе радыеактыўных часціц. 

“You are clean”, — гучыць з дынаміка. Значыць, можна апранацца. 

Апошні рэактар на Ігналінскай АЭС спынілі ў 2009 годзе. Ядзернае паліва ўжо вывезлі. Амаль палова станцыі дэмантавана. Але працы тут хопіць яшчэ на дзесяцігоддзі. Паводле цяперашніх планаў дэмантаж працягнецца да 2049 года. Таму Ігналінская АЭС застаецца месцам працы для 1500 чалавек, хоць электраэнергію яна не выпрацоўвае ўжо 16 гадоў.