Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Больш, чым конкурс прыгажосці. У Гродне прайшоў кастынг шоў “Гарадзенская Беларусачка-2017” - Hrodna.life - навіны Гродна

Сярод 24 дзяўчат, што прыйшлі на кастынг «Гарадзенскай беларусачкі», журы адабрала 10. Мы ўжо ведаем імёны шчаслівых удзельніц, але пакуль не будзем раскрываць таямніцы. Конкурс запланаваны на канец красавіка-пачатак мая. Але і да гэтага гродзенцы пачуюць пра яго дзякуючы цікавым акцыям, абяцаюць арганізатары. Кастынг прайшоў 28 лютага ў канцэртнай зале аднаго з арганізатараў конкурса — Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.

Да пачатку рэгістрацыі застаецца 15 хвілін. Дзяўчаты ўжо сядзяць у зале і перашэптваюцца. Часам па-беларуску. Прыхарошваюцца, глядзяцца ў люстэрка і падфарбоўваюцца. У паветры вітае пах парфумы. Мільгаюць знаёмыя твары з заняткаў «Мова нанова». Дзяўчаты чакаюць і трошкі нервова смяюцца.

Хутка з’яўляюцца члены журы — Андрэй Чапялюк, Сяргей Марозаў, Сяргей Іваноў. Яны спрабуюць развесяліць дзяўчат і заклікаюць іх усміхацца. Пачынаецца рэгістрацыя. Тут сабраліся 24 дзяўчыны: студэнткі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, школьніцы, школьная настаўніца, блогерша і іншыя. Шмат хто прыйшоў з сяброўкамі.

гарадзенская беларусачка 2017 кастынг (65)

гарадзенская беларусачка 2017 кастынг (2)

Пасля рэгістрацыі ўдзельніцы падзяліліся на два тузіны. Спачатку дзяўчаты прайшліся па сцэне, дэманструючы навыкі дэфіле. А потым па чарзе падходзілі па мікрафона і расказвалі пра сябе. Крытэрыі адбору былі вельмі дэмакратычныя — прыемная знешнасць, сцэнічнасць і фотагенічнасць, пластычнасць і пачуццё музычнага рытму, а таксама свабоднае валоданне беларускай мовай.

— Беларускасць ўсё ж на першым месцы сярод крытэрыяў, — кажа арганізатар конкурсу Андрэй Чапялюк. — Канешне, мы глядзім, каб яны маглі рухацца, таму што рыхтуем у першую чаргу шоў. Але мы папулярызуем беларускасць, таму выбіраем беларусак, якія рухаюцца, а не наадварот.

Некаторыя дзяўчаты пачыналі размаўляць па-руску, але Андрэй спрабаваў пераключыць іх на беларускую мову. Некаторыя размаўлялі, робячы недарэчныя памылкі - «очынь» замест «вельмі», «гатуючыся» замест «рыхтуючыся». Удзельніцы абяцалі, што да конкурсу вывучаць мову, калі іх возьмуць. І толькі адзінкі казалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў жыцці.

Аказалася, большасць удзельніц займаецца танцамі і спевамі. Шмат хто захапляецца паэзіяй. З цікавых хобі - лепка з гліны, ткацтва, кліпмэйкерства, танцы трайбл-ф'южн. У топ-ліст беларускіх творцаў па версіі дзяўчат трапілі Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч. Некаторыя дзяўчаты адразу прайшлі першыя выпрабаванні: кагосьці прасілі заспяваць, кагосьці станцаваць, кагосьці расказаць верш. Усе ўдзельніцы годна прайшлі іх. У журы конкурсу былі арганізатар Андрэй Чапялюк, адміністратар Сяргей Іваноў, харэограф Наталля Велічка, фатограф і фотамастак Сяргей Марозаў ды пераможца леташняга конкурсу Ірына Аплевіч. Да асноўнага арганізатара конкурсу Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры ў гэтым годзе далучыўся і Тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс».

— У выніку мы адабралі 10 дзяўчат, — кажа Андрэй. — Можа, камусьці мы далі аванс. Галоўнае, каб чалавек хацеў. Калі мы бачым, што чалавек хоча, мы можам даць аванс. Калі ён з’яўляецца канчатковым матэрыялам, з ім працаваць цяжэй.

Дзяўчаты, якія прайшлі, будуць працаваць у першую чаргу з харэографам. Гэта самая складаная праца, бо з удзельніц з рознай падрыхтоўкай трэба зрабіць адзіны дэфіле-выхад і фатаграфічную кампазіцыю. Таксама будуць удасканальваць мову. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу арганізатары абяцаюць ладзіць акцыі, каб гледачам было цікава не толькі ў час фінальнага мерапрыемства.

Дарэчы, у фінале будзе некалькі навінак. Па-першае, выхад з чырлідынгам. Па-другое, фінальнае шоў пад рабочай назвай «Беларусачка праз час» будзе больш сюжэтным. Арганізатары кажуць, што аднясуцца і да гісторыі, і да сучаснасці.

Пад пытанне трапіла магчымасць удзелу Веранікі Парманчук, адной з вядоўцаў «Мова нанова» ў Гродне. Вераніка ўжо ўдзельнічала ў «Гарадзенскай Беларусачцы» два гады таму. Яе запрасілі ў аргкамітэт, але яна прывяла прыклад Аляксандры Дораш, якая выйграла «Міс Гродна» толькі з другога разу, і папрасіла пакінуць яе ўдзельніцай.

гарадзенская беларусачка 2017 кастынг (20)

— Я ўдзельнічала у конкурсе два гады таму, тады мне далі толькі другую ступень. Зараз я прыйшла па першую, — кажа Вераніка. — Я павінна перамагчы, бо я сапраўдная беларуска. Можа, не гарадзенская, а бабраўніцкая. Але я беларуска, і мне не патрэбна граць нейкую ролю. Зараз мне трэба абіраць: або згадзіцца ісці ў аргкамітэт, або чакаць, пакуль мне пазвоняць як удзельніцы. Пакуль не ведаю, што рабіць, параюся з мужам.

Мы запыталіся ў іншых удзельніц, чаму менавіта яны павінны перамагчы, і чаму яны абралі менавіта гэты конкурс.

гарадзенская беларусачка 2017 кастынг (24)

— Па-першае, я вельмі люблю беларускую мову і з’яўляюся студэнткай спецыяльнасці «Беларуская філалогія», а неўзабаве — і настаўніцай беларускай мовы, — расказвае студэнтка ГрДУ Ганна. — Мяне зацікавала тое, што конкурс паказвае не толькі прыгажосць, а нешта большае, нешта ўнутры, тое, што можна паказаць. А таксама знайсці новых знаёмых. Я павінна перамагчы, бо я самая-самая гарадзенская беларусачка, — смяецца Ганна.

гарадзенская беларусачка 2017 кастынг (35)

— Я павінна перамагчы, бо я проста гэтага хачу. А чаму б не? — усміхаецца Аляксандра, студэнтка ГрДУ, якая адзіная прайшла на конкурс у вышыванцы. — Я прыйшла, бо гэта не зусім конкурс прыгажосці, гэта той вопыт, які ты атрымліваеш, калі даведваешся нешта новае, адкрываеш для сябе новы Гродна, новую Беларусь, новыя звычаі, традыцыі і культуру Беларусі.