У Гродзенскай вобласці ў работніка аднаго з прадпрыемстваў з’явілася хранічнае прафесійнае захворванне – пацярпелі органы дыхання. Камісія ўстанавіла, што хвароба выклікалі шкодныя фактары на працоўным месцы, таксама ў супрацоўніка зафіксавалі 10% страты прафесійнай працаздольнасці.

Падчас расследавання таксама выявілі парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага і працоўнага заканадаўства з боку наймальніка. Работнік разлічваў атрымаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Згодна з нормамі Генеральнага пагаднення, яе памер складае адзін сярэднямесячны заробак за кожны працэнт страты прафесійнай працаздольнасці.

Але наймальнік адмовіўся выплачваць грошы. Тады супрацоўнік звярнуўся па дапамогу ў прафсаюз, а прававы інспектар працы падрыхтаваў пазоў і прадстаўляў інтарэсы пацярпелага ў судзе.

Суд першай інстанцыі задаволіў пазоў. З прадпрыемства спагналі 9,6 тыс. руб. у лік кампенсацыі шкоды, прычыненай стратай прафесійнай працаздольнасці, а таксама 4,5 тыс. рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Наймальнік паспрабаваў абскардзіць рашэнне, але Гродзенскі абласны суд пакінуў яго без змен. У выніку работніку выплацілі 14,1 тыс. рублёў.

Чытайце таксама: Гродзенка падала ў суд на салон прыгажосці з-за няякаснай завіўкі – салону прыйшлося заплаціць амаль 5 тыс. рублёў