Пракурор прапанаваў пазбавіць Міхаіла Драгуна (iceedvard) свабоды тэрмінам на год і шэсць месяцаў. Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміла ягоная партнёрка Яўгенія Тарасенка (Jennie.T).

«Адвакат – апраўдаць, нібыта не даказаная віна. Але там прам выразна па палічках расклалі, чаму няма падстаў. Мне спадабалася выступленне адваката», – напісала Яўгенія.

Міхаіла Драгуна судзяць за прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу ў буйным памеры (ч. 2 арт. 216 КК) і паклёп (арт. 188 КК).

Санкцыі першага артыкула прадугледжваюць абмежаванне свабоды на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін. А другога – максімальна пазбаўленне волі да трох гадоў. Таксама суддзя можа прызначыць штраф, папраўчыя працы да двух гадоў ці абмежаванне волі да трох гадоў.

Міхаіл знаходзіцца пад вартай са снежня 2025

Аператыўнікі затрымалі гродзенскіх блогераў Міхаіла Драгуна і Яўгенію Тарасенку 4 лістапада мінулага года. Па дадзеных МУС, яны збіралі грошы на лячэнне цяжкахворага дзіцяці Івана Сцяцэнкі, але нібы патрацілі частку грошай на сябе.

Праз два дні міліцыя апубліквала відэа затрымання блогераў. На кадрах бачна, як сілавікі спыняюць іх аўтамабіль на вуліцы Гарнавых. У роліку паказаны і прызнанні затрыманых і іх знаёмых. Паведамлялася і пра ператрус у кватэры гродзенцаў.

Затрыманых адпусцілі 7 лістапада пад падпіску аб нявыездзе. Але ўжо ў снежні 2025 стала вядома, што Міхаіла затрымалі паўторна.

Адзін дзень пад вартай складае паўтара дня ў калоніі. Міхаіла затрымалі 12 снежня 2025 – калі яму прысудзяць год і шэсць месяцаў турмы, то на волю беларус выйдзе прыкладна праз сем з паловай месяцаў.

Чытайце таксама: “Жорстка накрывае”. Блогерка Яўгенія Тарасенка паказала, як піша лісты ў СІЗА Міхаілу Драгуну