У гандлёвых цэнтрах Ліды і Смаргоні працуюць пункты псіхалагічнай дапамогі. У Лідзе такі праект запусцілі ў канцы чэрвеня — за час яго працы туды звярнуліся дзясяткі дзяцей і дарослых. З 11 верасня падобны пункт з’явіўся і ў Смаргоні. Кансультацыі бясплатныя і ананімныя.

У Лідзе па дапамогу звярнуліся дзясяткі чалавек

Кансультацыйны пункт працуе на другім паверсе гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Лідапарк». З пачатку працы яго наведалі дзясяткі чалавек — дзеці, падлеткі і дарослыя, паведамляе «Лідская газета».

Звярнуцца можна з пытаннямі пра дзіцяча-бацькоўскія адносіны, булінг, цяжкасці ў зносінах, першую закаханасць, нізкую самаацэнку і эмацыйнае выгаранне. Таксама спецыялісты кансультуюць людзей, якія перажываюць страту блізкага чалавека або ўзроставыя крызісы.

Прыём вядуць псіхолагі са сфер адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Падчас сустрэчы можна абмеркаваць сваю сітуацыю і атрымаць падтрымку. Пры неабходнасці наведвальніку падкажуць, да якога профільнага спецыяліста звярнуцца.

Пункт у «Лідапарку» працуе па аўторках і чацвяргах з 16:00 да 18:00, па суботах — з 12:00 да 16:00.

У Смаргоні пункт адкрыўся 11 верасня

У Смаргоні кансультацыйны пункт размясцілі на шостым паверсе гандлёва-забаўляльнага цэнтра «ЗОС». Пілотны сацыяльны праект працуе з 11 верасня, паведамляе газета «Светлы шлях».

Тут таксама дапамагаюць дзецям і бацькам: можна абмеркаваць цяжкасці ў вучобе, адносіны ў сям’і і ўзроставыя крызісы. Асаблівую ўвагу спецыялісты надаюць дзецям і падлеткам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Паводле псіхолага пункта, такі фармат закліканы палегчыць першы зварот па дапамогу. На кансультацыі можна не называць свайго імя.

«Мы вас не асудзім, не пакараем, не спытаем вашага імя. Мы проста вас выслухаем, падтрымаем і пастараемся дапамагчы», — тлумачыць спецыяліст.

У Лідзе і Смаргоні адкрылі незвычайныя пункты дапамогі — да псіхолага можна зайсці ў гандлёвым цэнтры
Пункт псіхалагічнай дапамогі ў Смаргоні. Фота: shliah.by

Падобныя пункты ёсць і ў іншых гарадах

Кансультацыі псіхолагаў у гандлёвых цэнтрах арганізавалі таксама ў Полацку, Наваполацку і Магілёве.

Напрыклад, у Наваполацку пункт працуе у ГЦ «Стрелецкий капитал». Там можна атрымаць кансультацыю, прайсці экспрэс-скрынінг і ўзяць інфармацыйныя матэрыялы.