Жыхарка Ліды Леся расказала ў Threads, як яе муж пасля трох дзён з млоснасцю і ванітамі пайшоў у паліклініку па бальнічны. Яго агледзелі інфекцыяніст і тэрапеўт, але абодва прызналі мужчыну працаздольным. Увечары жонка выклікала хуткую — медыкі выявілі абязводжванне і адвезлі яго ў інфекцыйную бальніцу. Пасля публікацыі Лідская ЦРБ пачала службовую праверку.

Паводле лідчанкі, яе муж працуе на харчовай вытворчасці. Кепска яму стала падчас выхадных.

Тры дні мужчыну млосніла і ванітавала. Ён амаль не піў, а пасля ежы яму станавілася горш. Самастойна справіцца з недамаганнем не атрымалася, таму мужчына звярнуўся ў Цэнтральную паліклініку Ліды да інфекцыяніста. Паводле жонкі, лекарка агледзела мужчыну і прызнала яго працаздольным.

Жанчына адправіла мужа да тэрапеўта. Прыёму спецыяліста мужчына чакаў каля трох з паловай гадзін, паколькі прыйшоў па дадатковым талоне. Тэрапеўт таксама агледзеў яго і не адкрыў бальнічны.

Дадому мужчына вярнуўся знясіленым. Тады жонка выклікала хуткую. Паводле яе, медыкі выявілі ў мужа абязводжванне і даставілі яго ў інфекцыйную бальніцу.

«Хто нёс бы адказнасць, калі б на харчовай вытворчасці пачала распаўсюджвацца інфекцыя ці з мужам нешта здарылася?» — напісала Леся.

«Што значыць не выяўлена?»

На публікацыю адрэагаваў акаўнт Лідскага райвыканкама «Лидский (не)официально». Там са спасылкай на медыцынскіх спецыялістаў паведамілі, што падчас першага прыёму інфекцыяніст не выявіў у пацыента клінічных даных і аб’ектыўных сімптомаў вострай кішэчнай інфекцыі.

Улады таксама спаслаліся на пастанову Міністэрства аховы здароўя №104 і адзначылі, што рашэнне аб непрацаздольнасці і выдачы бальнічнага рэгулюецца заканадаўствам.

Аўтарка допісу з такім тлумачэннем не пагадзілася.

«Што значыць не выяўлена? Чалавек скардзіўся на ваніты, млоснасць і болі ў жываце. Сабраўшы гэты анамнез, трэба было прапанаваць шляхі вырашэння! Якім чынам інфекцыяніст не выявіў гэтых сімптомаў?» — адказала яна.

Жанчына прапанавала прадставіць прызначэнні лекара і папрасіла падрабязней растлумачыць сітуацыю. Яна таксама напісала: «Адчуванне, што цяпер кожны прыём будзе суправаджацца запісам на дыктафон».

У каментарыях Лесі таксама параілі падаць афіцыйную скаргу праз партал «обращения.бел». Жанчына адказала, што ўжо зрабіла гэта.

У Лідзе мужчыну адмовілі ў бальнічным, а ўвечары яго забрала хуткая. ЦРБ пачала праверку
Лідская бальніца. Фота: lidanews.by, мае ілюстрацыйны характар

ЦРБ пачала службовую праверку

У іншым каментарыі мясцовыя ўлады паведамілі, што кіраўніцтва Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы прызначыла ўнутраную службовую праверку.

«Па апісанай вамі сітуацыі кіраўніцтвам Лідскай ЦРБ ужо прызначана ўнутраная службовая праверка, ход якой узяты на кантроль райвыканкамам. Інфармацыя будзе крыху пазней», — паведамілі ў акаўнце.

Пазней там апублікавалі больш падрабязны каментарый ЦРБ. У бальніцы патлумачылі, што рашэнне аб выдачы бальнічнага прымаюць на падставе комплексу аб’ектыўных даных, у тым ліку тэмпературы, лабараторных паказчыкаў і вынікаў агляду. Паводле інфармацыі ЦРБ, падчас звароту мужчыны ў паліклініку адпаведных паказанняў не зафіксавалі.

У бальніцы таксама адзначылі, што стан пацыента можа змяняцца. Пасля выкліку хуткай мужчыну шпіталізавалі, цяпер ён знаходзіцца пад наглядам лекараў у стацыянары.

У ЦРБ нагадалі, што ў спрэчнай сітуацыі пацыент можа папрасіць сумеснага агляду з удзелам загадчыка аддзялення, а ўвечары звярнуцца да дзяжурнага адміністратара.