Аднаго з карыстальнікаў Threads абурыў кошт арэнды домікаў у Гродне на навагоднюю ноч. Па словах беларуса, дзве святочныя ночы на чацвярых чалавек абыдуцца ў $1000—$1500. Hrodna.life паглядзеў, якія кошты выстаўляюць гаспадары.
«Гродна, а што з коштамі за арэнду? Я мінулы Новы год працаваў, можа што прапусціў цікавае», – напісаў аўтар паста.
Беларус дадаў, што названы кошт у $1500 роўны цане тыднёвага адпачынку на моры па тарыфе “ўсё ўключана”.
Ці сапраўды кошты такія высокія?
На сайце па падборы жылля Realt ёсць 22 аб’явы аб здачы домікаў у Гродне ў зімовыя святы з 31 снежня па 2 студзеня.
Самы дарагі варыянт абыдзецца ў 3300 руб. (каля $1100). Дом знаходзіцца на вуліцы Прыгараднай і разлічаны на 12 гасцей – наведвальнікі могуць размясціцца ў пяці пакоях. Крыху танней – за 2860 руб., абыдзецца катэдж на завулку Асеннім, 3. Там могуць адпачыць 18 гасцей.
Прамежкавыя варыянты вар’іруюцца ад 500 да 880 руб. за дзве святочныя ночы.
Самы танны катэдж знаходзіцца на вуліцы Соламавай, 2 – арандаваць домік можна за 176 руб., але разлічаны ён толькі на чацвярых гасцей.
У вобласці арэнда яшчэ даражэй
На тыя ж святочныя даты кошт арэнды домікаў у Гродзенскай вобласці яшчэ вышэйшы. Самы дарагі варыянт, паводле прапаноў Realt, знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне – 5060 руб. за дзве ночы на васьмярых чалавек.
За 3740 руб. здаюць катэдж у вёсцы Навасёлкі, а ў Падлабенскім сельсавеце ёсць варыянт за 3300 руб.
Самы танны домік у Гродзенскай вобласці адшукаўся на хутары Паўлушка Смаргонскага раёна – 495 руб. за дзве ночы.
Верагодна, пры кантакце з прадаўцом і кошт, і наяўнасць домікаў можа адрознівацца ад таго, што прадстаўлена на сайце: гаспадары могуць запытаць больш высокі кошт у святы ці прапанаваць іншыя варыянты арэнды.
Каментатары: «Прасцей паляцець у Дубай»
У каментарах пад пастом беларуса карыстальнікі падтрымліваюць ягонае абурэнне. Адзначаюць, што таксама спрабавалі адшукаць жыллё на святы — і прыходзілі да высновы, што замежны адпачынак больш бюджэтны.
“Мой турагент гады 4 таму шукала па РБ хоць што-небудзь на вялікую кампанію (чалавек 30) і сказала, не, мілыя мае, гэта ўсё вельмі дорага, вам прасцей усім паляцець у Дубай”, – напісаў адзін з удзельнікаў.
«Абдзіралава свайго ж насельніцтва…» — выказваецца іншы карыстальнік.
«У снежні будзе рэальная сітуацыя на сэрвісах анлайн браніравання. А цяпер няма чаго нават час губляць, планы могуць памяняцца ў любога з бакоў», – адзначае яшчэ адзін каментатар.
Некаторыя карыстальнікі прымецілі, што параўноўваць кошт адпачынку ў Беларусі і на моры – нерэпрэзентатыўна. Бо, акрамя аплаты за непасрэднае пражыванне ў гатэлі, давядзецца даплачваць за пералёт, трансфер, харчаванне, а ў некаторых выпадках – афармленне дакументаў накшталт візы або страхоўкі.
«З’ездзіце ў санаторый які-небудзь, не самы распіяраны. У мінулым годзе ў санаторыі Сосны (Магілёў) на тры дні на 4-ых (пражыванне, харчаванне, басейн, банкет НГ + праграма) нешта каля 1500 бел. руб было. Прыехаў і не трэба думаць, што паесці і як забаўляцца», – параіла адна з беларусак.
«Пакуль вы тут разважаеце, ужо амаль усе домікі на НГ забраніраваны. Ну а каму не хопіць доміка, паляцяць у Егіпет, і ўсе застануцца задаволеныя», – лічыць іншая каментатарка.
Чытайце таксама: У Навагрудскім раёне сёлета адкрыюць дзве новыя гасцініцы





