Пункт пропуску «Каменны Лог» на мяжы Беларусі і Літвы рэканструююць

Пункт пропуску «Каменны Лог» на мяжы Беларусі і Літвы рэканструююць. Пасля завяршэння работ яго прапускная здольнасць павінна павялічыцца прыкладна ўтрая — да 6 тыс. аўтамабіляў за суткі. Пра гэта распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Віктар Зубік, паведамляе БЕЛТА.

Рэканструкцыю завершаць да 2029 года

«Каменны Лог» знаходзіцца ў Ашмянскім раёне на мяжы з Літвой. З літоўскага боку яму адпавядае пункт пропуску «Мядзінінкай».

Работы тут з беларускага боку плануюць пачаць ужо ў 2026 годзе і праводзіць паэтапна да 2029-га.

Падчас рэканструкцыі павялічаць колькасць палос для транспарту. Паводле разлікаў Дзяржаўнага мытнага камітэта, пасля гэтага пункт зможа прапускаць каля 6 тыс. аўтамабіляў за суткі — прыкладна ўтрая больш, чым цяпер.

Рух падчас рамонту закрываць не будуць.

За пяць гадоў рэканструявалі 12 пунктаў пропуску

Усяго ў Беларусі працуюць 26 аўтадарожных пунктаў пропуску. Іх агульная разліковая прапускная здольнасць складае каля 32 тыс. аўтамабіляў за суткі. Таксама дзейнічаюць 13 чыгуначных пунктаў пропуску.

Паводле слоў Зубіка, за апошнія пяць гадоў рэканструявалі 12 пунктаў пропуску, у тым ліку «Бераставіцу» на беларуска-польскай мяжы.

На мяжы таксама развіваюць электронныя сэрвісы. Для легкавых аўтамабіляў даступная дыстанцыйная рэгістрацыя ў электроннай чарзе. З 1 студзеня 2026 года кіроўцы легкавых аўтамабіляў могуць браніраваць дату перасячэння мяжы, а з 1 красавіка такая магчымасць з’явілася і для грузавога транспарту.

Раней у «Каменным Логу» абнавілі сістэму бяспекі

У 2026 годзе ў «Каменным Логу» ўжо праводзілі мадэрнізацыю сістэм відэаназірання і аховы перыметра. Старыя сістэмы працавалі нестабільна і, паводле дакументацыі аб закупцы, не адпавядалі патрабаванням Дзяржпагранкамітэта.

У пункце пропуску планавалі ўсталяваць 31 новую відэакамеру, восем шасціметровых апор відэаназірання, а таксама па восем аўтаматычных дарожных блакіратараў і шлагбаумаў на ўездзе і выездзе. Кошт работ складаў каля 1,16 млн рублёў.

Да цяперашняй рэканструкцыі разліковая прапускная здольнасць «Каменнага Лога» складала 600 аўтамабіляў за суткі.