Турыстычны комплекс з кафэ, гасцінічнымі нумарамі і кемпінгамі з’явіцца на Вялікай Траецкай. Будаўніцтва будуць весці на пяці ўчастках, размешчаных непадалёк ад сінагогі.
На двух участках побач з Вялікай Траецкай, 59а хочуць пабудаваць турыстычны комплекс, на астатніх трох – кафэ, гасцініцу, матэлі і кемпінгі, а таксама адміністрацыйныя аб’екты.
Сумарная плошча ўчасткаў складае крыху больш за 50 сотак, усе яны размешчаны ў ахоўнай гісторыка-культурнай зоне гістарычнага цэнтра Гродна.
Цяпер участкі выстаўлены на аўкцыён – пераможца атрымае права арэнды зямлі тэрмінам на 50 гадоў. Таксама пакупнік будзе абавязаны ўзвесці аб’екты з улікам гісторыка-архіўных дадзеных і прымяняць рашэнні, якія адновяць страчаную забудову.
Кошт лотаў вар’іруецца ад амаль 18 да 35 тыс. руб., аўкцыён адбудзецца 29 верасня.
Новы турыстычны комплекс узводзяць на месцы гістарычнага квартала яўрэйскай забудовы Школьны двор XVI стагоддзя. Зімой 2024 года мінская фірма «КофеВенд» хацела будаваць у гэтай зоне турыстычны комплекс з гатэлем. Затым уласнік змяніўся — ён планаваў пабудаваць грамадскі аб’ект.
У цэлым дэталёвы план развіцця гістарычнага цэнтра Гродна прадугледжваў, што згублены квартал адновяць да 2025 года.
Чытайце таксама: У гістарычным цэнтры Гродна хочуць узвесці новы будынак. Ён адновіць страчаную забудову?



