Жыхар аграгарадка Дзераўная Слонімскага раёна расказаў у сацсетках пра праблемы, якія, паводле яго слоў, назапашваюцца ў населеным пункце. За апошні час тут зачыніліся аддзяленне пошты і Дом быту, пасля ліпеньскай непагадзі перастала працаваць адзіная аптэка. У каментарах мясцовыя жыхары таксама згадваюць зачыненыя амбулаторыю і дзіцячы садок. У райвыканкаме абяцаюць аднавіць будынак крамы, дзе знаходзілася аптэка, да 1 верасня.

«Жыхары страцілі магчымасць атрымліваць элементарныя паслугі на месцы»

Пра сітуацыю адзін з жыхароў Дзераўной расказаў у гарадскім Instagram-пабліку і папрасіў звярнуць на яе ўвагу.

Паводле яго слоў, за апошні час у населеным пункце зачыніліся аддзяленне паштовай сувязі і Дом быту.

«Жыхары страцілі магчымасць атрымліваць элементарныя паслугі на месцы», — напісаў мужчына.

Да гэтых праблем улетку дадалася яшчэ адна. 18 ліпеня падчас моцнага дажджу і ветру знясло дах з будынка мясцовай крамы. У гэтым жа будынку знаходзілася адзіная аптэка.

Паводле слоў аўтара звароту, праз пашкоджанне даху аптэку цалкам вывезлі. Праз месяц яна так і не аднавіла працу.

У каментарах жыхары дадалі, што спіс праблем, на іх думку, яшчэ шырэйшы. Адна з карыстальніц згадала таксама зачыненне амбулаторыі і дзіцячага садка — засталася базавая школа з дашкольным аддзяленнем.

«Падтрымка насельніцтва». Жыхары аграгарадка пад Слонімам засталіся без пошты і аптэкі
Будынак сельсавета, дзе была пошта. 2023 год. Фота: slonves.by

У райвыканкаме абяцаюць вярнуць аптэку да верасня

На зварот адказалі праз чат-бот Слонімскага райвыканкама.

Там паведамілі, што зараз у Дзераўной працягваюць ліквідаваць наступствы стыхіі 18 ліпеня. Асаблівую ўвагу ўдзяляюць будынку мясцовай крамы.

Паводле інфармацыі райвыканкама, спецыялісты ўмацоўваюць і рамантуюць дах. Адначасова супрацоўнікі Слонімскага філіяла Гродзенскага абласное спажывецкае таварыства (абпажыўтаварыства) прыводзяць у парадак унутраныя памяшканні.

«Усе рамонтна-аднаўленчыя мерапрыемствы запланавана завяршыць да 1 верасня. Пасля выканання поўнага аб’ёму прац і прыёмкі аб’екта аптэка адновіць сваю працу ў штатным рэжыме», — паведамілі ў райвыканкаме.

Улады таксама прынеслі жыхарам прабачэнні за часовыя нязручнасці.

«Падтрымка насельніцтва». Жыхары аграгарадка пад Слонімам засталіся без пошты і аптэкі
Будынак амбулаторыі. Фота: slonves.by

У маі ў Дзераўной урачыста адкрывалі спартыўную пляцоўку

Пры гэтым у апошнія месяцы Слонімскі райвыканкам і раённая газета практычна не расказвалі пра назапашаныя праблемы Дзераўной. Апошняя прыкметная публікацыя пра аграгарадок з’явілася 8 мая, паведамляе сайт bgmedia.

Тады раённая газета расказвала пра ўрачыстае адкрыццё ў Дзераўной новай спартыўнай пляцоўкі. На цырымонію прыехаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі, удзельнікі перарэзалі сімвалічную стужачку.

У публікацыі з’яўленне вулічных трэнажораў называлі «яскравым сведчаннем клопату і падтрымкі насельніцтва аграгарадка» і прыкладам узаемадзеяння бізнесу, улад і жыхароў.

Насельніцтва сельсавета скарачаецца

Дзераўная знаходзіцца прыблізна за 15 км ад Слоніма. Паводле даных перапісу 2019 года, у самым аграгарадку жылі 617 чалавек. Больш позніх звестак пра насельніцтва гарадка ў адкрытым доступе няма. Аднак ёсць лічбы, якія адносяцца да Дзераўноўскага сельсавета.

На 1 студзеня 2026 года сельсавет налічвае 876 чалавек.

Праўда, у 2023 годзе раённая газета «Слонімскі веснік» пісала, што Дзераўноўскі сельсавет аб’ядноўвае 18 населеных пунктаў і займае амаль 13,2 тыс. га. Тады яго насельніцтва ацэньвалі прыблізна ў 1600 чалавек.

Самым густанаселеным населеным пунктам сельсавета называлі менавіта аграгарадок Дзераўная. Тут таксама было сканцэнтравана больш за ўсё працаздольных жыхароў. Яны працуюць у тым ліку ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве ТАА «Органік лэнд», сялянска-фермерскай гаспадарцы «Раса-Агра» і Дзераўноўскім лясніцтве.