У Гродне на Замкавай, 17 запрацавала кафэ «Счастье». Новая ўстанова належыць уладальнікам буцік-гатэля «Культура» на Савецкай. 

«Счастье» спецыялізуецца на сняданках, а таксама кававых напоях на зернях арабіцы. 

Сняданкі гатуюць з 8:00 да 13:00. У меню: аўсяная і прасяная кашы з сезоннай садавінай (па 17 руб.), калдуны, дранікі, шакшука і сэндвічы (17–23 руб.).

Ёсць асобныя тэматычныя пазіцыі – гродзенскі сняданак з глазуняй і ростбіфам, а таксама замкавы сняданак з яечняй-балбатункай і стронгай (25-27 руб.).

Кававая лінейка прадстаўлена класічнымі напоямі накшталт эспрэса, амерыкана і капучына, а таксама халоднай кавы: апельсінавым і вішнёвым бамблам і эспрэса-тонікам. Ёсць дэкаф варыянты. Кошт кубка вар’іруецца ад 5 да 10 руб.

Інтэр’ер выканалі ў бэжава-карычневых адценнях, а для афармлення выкарыстоўвалі прыродныя драўляныя матэрыялы.

На Яндэкс Картах ужо з’явіліся водгукі першых наведвальнікаў. Рэйтынг установы складае 4,2 “зорачкі”. Каментатары адзначаюць утульную атмасферу і прыемны інтэр’ер. Карыстальніца Таццяна напісала, што ёй падалі “брудныя прыборы і посуд”, але пасля афіцыянтка папрасіла прабачэння.

Ад стайні да яечні са стронгай: гісторыя дома, дзе адкрылася “Счастье”

Установа адкрылася ў гістарычным доме на вуліцы Замкавай. У XVIII стагоддзі тут размяшчаўся флігель каралеўскай стайні, у першай палове XIX стагоддзя жыў гродзенскі паліцмайстар (начальнік паліцыі), а ўжо ў ХХ стагоддзі дом перабудаваў гродзенскі ўрач Марк Анцылевіч.

Валодаюць кафэ «Счастье» тыя ж прадпрымальнікі, што адчынялі ў Гродне буцік-гатэль і аднайменнае кафэ «Культура» на вуліцы Савецкай.

Чытайце таксама: У Гродне адкрываецца “АВКавярня”