Вярхоўны суд разгледзіць крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара “Гродзенскага мясакамбіната”. Верагодна, гаворка ідзе пра экс-дырэктара і былога сенатара Алега Іванова — чыноўніка абвінавачваюць у сістэматычным атрымані хабару ў буйным і асабліва буйным памерах (ч. 2 і ч. 3 ст. 430 КК). 

Па версіі следства, супрацьпраўная схема экс-кіраўніка дзейнічала амаль шэсць гадоў – з 1 ліпеня 2019 па 28 траўня 2025. Менавіта ў гэтыя гады мясакамбінатам кіраваў Алег Іваноў — сваю пасаду ён пакінуў у канцы кастрычніка 2025.

За гэты перыяд экс-кіраўнік атрымаў ад дырэктараў пяці фірмаў незаконнае ўзнагароджанне на агульную суму 1,8 млн руб. Грошы атрымліваў як «на рукі», так і ў крыптавалюце.

Хабары былому дырэктару давалі за канкрэтныя кіраўнічыя рашэнні: арганізацыю закупак у строга вызначаных прадпрыемстваў. Таксама хабары гарантавалі выкарыстанне прадукцыі (комплексныя харчовыя дабаўкі і іншыя кампаненты) у вытворчасці і ўплывалі на асартыментную палітыку – вызначэнне відаў і аб’ёмаў гатовых вырабаў, якія выпускаюцца з выкарыстаннем “патрэбных” дабавак.

Вядома, што абвінавачаны спрабаваў схаваць даходы. Для гэтага ён прыцягнуў сваю дачку, якая, паводле звестак следства, не ведала аб незаконнасці дзеянняў бацькі. Тым не менш, менавіта на яе крыптакашалькі і банкаўскія рахункі паступалі грошы ад фірмаў.

Фігурант пайшоў на дасудовую дамову аб супрацоўніцтве з пракурорам: садзейнічаў расследаванню, добраахвотна заплаціў суму хабараў у бюджэт і падаў інфармацыю аб іншых парушэннях, якія не ўваходзілі ў рамкі гэтай крымінальнай справы.

Справу разглядалі ГУБАЗіК і Генпракуратура – у гэты час экс-дырэктар знаходзіўся пад вартай. У пракуратуры падкрэслілі, што падстаў для змены меры стрымання на дадзены момант няма. Цяпер справу разгледзіць Вярхоўны Суд.

Санкцыі артыкула, па якім абвінавачваюць дырэктара, прадугледжваюць ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі (ч. 2 арт. 430) і ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі (ч. 3).

Хто такі Алег Іваноў?

Алег Іваноў быў гендырэктарам ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” з 2019 да канца кастрычніка 2025 года. А да гэтага ён працаваў намеснікам гендырэктара па вытворчасці і якасці.

У лістападзе 2025 стала вядома, што Іваноў таксама перастаў быць членам Савета Рэспублікі восьмага склікання. Згодна з дакументам, рашэнне прынялі на падставе асабістай заявы Іванова аб складанні паўнамоцтваў.

Чытайце таксама: На Гродзенскім мясакамбінаце звольнілі больш за 400 человек