Супраць гродзенскага журналіста і былога палітвязня Паўла Мажэйкі распачалі новую крымінальную справу. Пра гэта паведамілі гродзенскія праваабаронцы. Паводле іх звестак, справу завялі яшчэ 11 мая 2026 года. Праўдападобна, гаворка ідзе пра артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»), які прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Сам Мажэйка паведаміў, што не ведае, па якім менавіта артыкуле вядзецца расследаванне.
«Я не ведаю, чаго дакладна тычыцца заведзеная справа. Ведаю пра дзясяткі так званых працэсуальных дзеянняў у дачыненні да маіх родных, sваякоў і знаёмых: ператрусы, допыты, у тым ліку нефармальныя размовы», — распавёў ён.
Паводле слоў журналіста, падчас ператрусаў сілавікі шукаюць менавіта яго і, як сцвярджае Мажэйка, «здзіўляюцца», што не могуць знайсці, хоць службы самі вывезлі яго ў Еўропу. Адначасова супрацоўнікі КДБ падчас нефармальных размоў з яго сваякамі перадаюць прапанову аб тым, што ён можа «бесперашкодна і бяспечна» вярнуцца ў Беларусь.
Павел кажа, што падобныя прапановы атрымліваюць і іншыя былыя палітвязні, якіх у другой палове 2025-га — пачатку 2026 года вывезлі з Беларусі пасля вызвалення.
«Я так разумею, што нас прадалі адзін раз, цяпер прыдумалі спосаб, як “зарабіць” на нас двойчы. Гэтыя структуры зрабілі ўжо столькі зла людзям, і ў мяне няма падставаў лічыць, што яны працуюць дзеля Беларусі і беларускага народа. Выпускайце палітвязняў, прыбірайце палітычныя артыкулы: толькі тады людзі дазволяць сабе пачаць задумвацца пра вяртанне на Радзіму», — заявіў журналіст.
Што вядома пра справу Паўла Мажэйкі
Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы. У ліпені 2023 года суд пакарараў яго шасцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Яго судзілі разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч. Яна нібыта перадала яму інфармацыю, якую Мажэйка нібыта апублікаваў на «Белсаце», які на той момант быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.
11 верасня 2025 года Мажэйку вызвалілі разам з групай іншых палітвязняў і вывезлі ў Літву ў межах дамоўленасцей з удзелам амерыканскага боку. Пасля вызвалення ён жыве за межамі Беларусі.
Хто такі Павел Мажэйка
Павел Мажэйка — журналіст, культурніцкі менеджар, вядоўца, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гродзенская бібліятэка», заснавальнік найбуйнейшай у Гродне культурніцкай прасторы і галерэі «Цэнтр гарадскога жыцця». Павел нарадзіўся ў Гродне, яму 48 гадоў, тата дваіх дзяцей.



