Падчас XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Іўеўскі раён падпісаў пагадненне аб устанаўленні сяброўскіх адносін з Бахчысараем — горадам у анексаваным Расіяй Крыме. Таксама былі заключаны пагадненні паміж установамі адукацыі і культуры.
Дакумент падпісалі старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец і намеснік старшыні Савета міністраў Рэспублікі Крым — пастаянны прадстаўнік Крыма пры прэзідэнце Расіі Георгій Мурадаў, паведамляе дзяржаўная газета «Іўеўскі край».
Акрамя пагаднення паміж гарадамі, бакі аформілі дамоўленасці аб супрацоўніцтве паміж Іўеўскай сярэдняй школай і навучальна-выхаваўчым комплексам «Школьная акадэмія імя Мальцава» ў Бахчысараі, а таксама паміж Іўеўскім музеем нацыянальных культур і Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеем.
Як піша Telegram-канал MAYDAY, мерапрыемствы ў Іўеўскім райвыканкаме праходзілі з выкарыстаннем расійскай дзяржаўнай сімволікі, а Крым у афіцыйных выступленнях называлі «новымі дадатковымі тэрыторыямі».
Ідэю супрацоўніцтва прасоўваў прадстаўнік арганізацыі «Беларусы Крыма»
Як адзначае MAYDAY, ініцыятарам пабрацімскіх адносін выступіў старшыня рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Крыма» Раман Чэгрынец. У аснову ідэі пакладзены факт пражывання ў Іўі мусульманскай татарскай абшчыны. Як сцвярджае Раман Чэгрынец, каля 10% жыхароў горада вызнаюць мусульманства і выводзяць свае карані ад крымскіх татар. У горадзе пастаянна дзейнічае мячэць.
Таксама паведамляецца, што ў межах візіту абмяркоўваліся перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі.
Пасля анексіі ўзмацніўся ціск на крымскіх татар
Пасля анексіі Крыма прадстаўнікі крымскататарскага народа ў большасці сваёй выступілі супраць пераходу паўвострава пад расійскі кантроль. Прадстаўнічы орган крымскіх татар — Меджліс — адмовіўся прызнаваць расійскую ўладу ў Крыме і заклікаў байкатаваць рэферэндум.
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, уключаючы Human Rights Watch, Amnesty International і Управленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, неаднаразова паведамлялі пра пераслед прадстаўнікоў крымскататарскай абшчыны пасля 2014 года. Гаворка ідзе пра крымінальныя справы супраць актывістаў, ператрусы, затрыманні, знікненні людзей і абмежаванне дзейнасці незалежных СМІ.
У 2016 годзе Вярхоўны суд Расіі прызнаў Меджліс крымскататарскага народа «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі Расіі і анексаванага Крыма. Міжнародны суд ААН пасля запатрабаваў ад Расіі адмяніць абмежаванні на дзейнасць Меджліса, аднак рашэнне да гэтага часу не выканана.
Крымскія татары застаюцца адным з карэнных народаў паўвострава. Паводле даных перапісу насельніцтва Украіны 2001 года, да анексіі ў Крыме пражывала каля 245 тысяч крымскіх татар.
Пасля 2014 года многія прадстаўнікі абшчыны пакінулі паўвостраў, а міжнародныя арганізацыі працягваюць фіксаваць парушэнні іх грамадзянскіх і палітычных правоў.



