Зараз на першым паверсе палаца Радзівілаў разбіраюць сцены і перагародкі – падчас работ выявілі чатыры кілаграмы стаматалагічнай і чорнай ртуці. Пра гэта паведаміла новая ўладальніца палаца Таццяна, якая набыла будынак на аўкцыёне за 90 руб.

Ртуць была ў герметычных ёмістасцях. Тым не менш супрацоўнікаў МНС усё роўна прыйшлося выклікаць, каб тыя канфіскавалі атрутнае рэчыва.

Верагодна, ртуць засталася ў палацы таму, што раней там размяшчалася бальніца, а пасля – гарадская стаматалогія, якая прапрацавала да 2010 года.

Дэмантаж сцен і перагародак у палацы пачалі для таго, каб пасля зрабіць там дэманстрацыйныя залы. Падчас работ таксама знайшлі некалькі кавалкаў барэльефа. Па словах уладальніцы, гэта “прыгожыя кавалачкі”, якія, магчыма раней былі часткай каміннай паліцы. «Але гэта сапраўды не ад фасада будынка», – дадае жанчына.

Выяўленыя фрагменты плануюць пачысціць. Затым, калі атрымаецца, іх збяруць “як пазл”. “Калі не, значыць, гэта будуць першыя экспанаты, якія мы выставім у залах, адкрытых для экскурсійных груп і наведвальнікаў”, – кажа Таццяна.

Хто валодае былым палацам Радзівілаў?

Новая ўладальніца палаца ў Дзятлаве – грамадзянка Расіі Таццяна. Жанчына была адзінай удзельніцай аўкцыёну і ў выніку набыла будынак за 90 руб.

Цяпер там ідуць рэстаўрацыйныя працы. Як адзначае новая ўладальніца, спецыялісты працуюць толькі ў выхадныя дні. Тым не менш у планах Таццяны зрабіць у палацы дэманстрацыйныя залы, кафэ і апарт-гатэль. У падвалах жанчына хоча абсталяваць вінныя скляпы, дэгустацыйныя залы або кухню.

Чытайце таксама: Палац Радзівілаў у Дзятлаве прадалі за 90 рублёў. Яго купіла дзяўчына з Расіі