Эканамічны суд Гродзенскай вобласці адкрывае конкурсную вытворчасць аб неплацежаздольнасці абутковай фабрыкі “Нёман”. Гэта значыць, што прадпрыемства чакае фінальная судовая працэдура па справе аб банкруцтве.
Першы сход крэдытораў адбудзецца ў пачатку жніўня 2026 года, а ўжо 29 верасня пройдзе судовае пасяджэнне па выніках справы.
Пра тое, што фабрыка ў перадбанкрутным стане, казалі яшчэ ў 2015 годзе. Тады на складах сабраліся вялікія запасы. Міні-рынак на Паповіча, які належыць фабрыцы, спрабавалі прадаць некалькі разоў. У 2020 годзе кошт панізілі удвая – да 1 млн рублёў. Склад на Савецкіх Пагранічнікаў у амаль 3 тыс. кв. м з гаражом тады прадавалі за 866 тыс. рублёў.
У 2022 годзе, фабрыку “Нёман” перадалі пад кіраванне кампаніі “Белвест”. Гэта было дастаткова рэдкім для Беларусі прыкладам, калі прыватны бізнес узяў на сябе развіццё дзяржаўнага актыву.
Па словах тагачаснага старшыні Гродзенскага аблвыканкама Мечыслава Гоя, перад здзелкай правялі працу з актывамі прадпрыемства, аптымізавалі тэрыторыю і знялі частку нагрузкі, звязанай з сацыяльнай інфраструктурай. Пасля гэтага фабрыка павінна была засяродзіцца на выпуску дзіцячага абутку, які карыстаецца попытам і які традыцыйна выпускалі на прадпрыемстве.
Гендырэктар «Белвеста» Юрый Суманееў тады прагназаваў павелічэнне аб’ёмаў у 2–3 разы і ставіў мэту наблізіцца да савецкіх маштабаў выпуску. Фактычна, хацелі сфарміраваць буйную горадаўтваральную вытворчасць для Гродна. Таксама абяцалі паляпшэнне ўмоў працы, рост заробкаў і больш высокую загрузку прадпрыемства.
Аднак у 2025 годзе стала вядома, што фінансавыя цяжкасці ўзніклі і ў самога «Белвеста».
Агульная крэдыторская запазычанасць фабрыкі перавышае 4,25 млн рублёў. Акрамя таго, у органах прымусовага выканання знаходзяцца 54 выканаўчых дакумента на суму больш за 1,42 млн рублёў, а таксама даўгі ў еўра і ўкраінскіх грыўнях.
Пры гэтым кошт маёмасці прадпрыемства ацэньваецца прыкладна ў 14,1 млн. рублёў. А ступень зносу асноўных фондаў складае 76,40%.
11 траўня 2026 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці адкрыў вытворчасць па справе аб неплацежаздольнасці прадпрыемства і ўвёў ахоўны перыяд да 1 чэрвеня.
Чытайце таксама: Даўгі за энергію, крэдыты і сыравіну. Гродзенская абутковая фабрыка апынулася на мяжы банкруцтва



