У мясцовай суполцы з’явіліся свежыя фатаграфіі возера Мох Малое, у якім, мяркуючы па здымках, засталося зусім мала вады. Мясцовыя ўлады звязваюць сітуацыю са зменай клімату. Аднак жыхары згадваюць, што падобная праблема ўжо ўзнікала шмат гадоў таму. Тады вадаём расчысцілі, і яго ўдалося захаваць.

Возера, якое можа знікнуць

Возера Мох Малое знаходзіцца ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці, за 24 кіламетры на паўднёвы захад ад Слоніма, паміж вёскамі Падлессе і Яруцічы. Яно адносіцца да басейна ракі Грыўда — левага прытоку Шчары.

Мясцовасць вакол возера пераважна градуса-ўзгорыстая, бязлесная, месцамі забалочаная. Вадаём акружаны шырокай поймай з водна-балотнай расліннасцю і рэдкім хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя.

Плошча люстэрка возера складае каля 0,22 кв. км, даўжыня — 0,95 км, максімальная шырыня — 0,25 км, даўжыня берагавой лініі — каля 3,4 км.

Паведамленні пра зніжэнне ўзроўню вады ў возеры Мох Малое з’яўляліся ў мясцовых суполках і раней.

У Слонімскім раёне засыхае адно з трох прыродных азёр
Так возера выглядае летам 2026 года. Фота: instagram.com/slonim_live

Што кажуць улады

У каментарыях пад нядаўнімі публікацыямі прадстаўнікі раённых службаў адзначылі, што ўжо адказвалі жыхарам на пытанні пра прычыны абмялення вадаёма.

Паводле інфармацыі інспекцыі прыродных рэсурсаў, асноўнай прычынай з’яўляецца зніжэнне ўзроўню грунтавых вод, звязанае з кліматычнымі зменамі.

«На жаль, змены клімату ў нашым рэгіёне выяўляюцца, у тым ліку, і ў падзенні ўзроўню грунтавых вод. Антрапагенны фактар у гэтым выпадку не адыгрывае вядучай ролі. Меліярацыйныя работы ў раёне возера не праводзіліся. Праблемы з падзеннем узроўню грунтавых вод назіраюцца практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны».

Ці будуць рабіцца нейкія меры для выратавання возера, улады пакуль не паведамілі.

озеро Слоним
Так возера выглядала восенню мінулага года. Фота: instagram.com/slonim_live

Што ўспамінаюць мясцовыя жыхары

Жыхары раёна расказваюць, што падобная сітуацыя ўжо адбывалася некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Паводле іх слоў, тады да возера прыгналі тэхніку, расчысцілі вадаём, пасля чаго ў ім зноў з’явіліся падземныя крыніцы, а ўзровень вады аднавіўся.

Адзін з карыстальнікаў напісаў: «Яно калісьці перасыхала. Тэхніку далі, пачысцілі, пачалі біць крыніцы — возера ажыло».

Іншыя жыхары згадваюць, што возера доўгі час было папулярным месцам адпачынку. «Доўгі час Мох радаваў нас цёплай вадой. Старыя казалі, што прыязджаў нейкі навуковец, браў пробу вады — нібыта яна была лячэбнай. Можа, гэта і міф, але валасы пасля купання заўсёды былі мяккія, як пасля шампуню». «Каб як раней зрабілі там ачыстку, то ўсё было б добра. Гадоў 20-25 таму праводзілі».

Тры прыродныя возеры раёна

Раней начальнік Слонімскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Крыньчык расказваў, што ў Слонімскім раёне знаходзяцца тры прыродныя возеры — Бяздоннае, Мох Малое і П’явічы.

Акрамя таго, на тэрыторыі раёна размешчаны 27 штучных вадаёмаў. Тут таксама працякае рака Шчара, налічваецца каля 30 малых рэк і 40 ручаёў.