Крамы ў сельскай мясцовасці два месяцы правяраў Камітэт дзяржкантролю. У большасці магазінаў ведамства выявіла парушэнні санітарных норм, у кожным трэцім – прадукты са скончаным тэрмінам прыдатнасці, паведамляе Камітэт дзяржкантролю Беларусі.
Да парушэння санітарных нормаў адносяць няправільнае захоўванне саміх прадуктаў, а таксама няправільную тэмпературу, асвятленне, вентыляцыю ў памяшканні і абыходжанне з адходамі.
У адной з крам Дзятлаўскага раёна прадавалі пратэрмінаваную каўбасу і мяса. Яшчэ 13 пратэрмінаваных прадуктаў знайшлі ў краме Слонімскага раёна, у краме Зэльвенскага раёна – дзевяць.
У некаторых тавараў тэрмін прыдатнасці скончыўся за тры месяцы да продажу. Крамы таксама прадавалі дрэнную садавіну, а пратэрмінаваныя прадукты захоўваліся разам са свежымі таварамі.
Працу некаторых магазінаў прыпынялі. У выніку з абароту канфіскавалі больш за 700 кг пратэрмінаваных прадуктаў.
Чытайце таксама: Гродзенка зламала зуб аб шаурму — у краме адрэагавалі


