Кіраўнік сельгаспрадпрыемства ў Мастоўскім раёне вырашыў абнавіць службовую кватэру, але пашкадаваў уласныя ашчаджэнні. Ён купіў мэблю за кошт фірмы. На яго завялі крымінальную справу.

У Мастоўскім раёне распачалі крымінальную справу супраць дырэктара мясцовага сельгаспрадпрыемства. Кіраўніка падазраюць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле версіі пракуратуры, ён абставіў і адрамантаваў службовае жыллё на грошы прадпрыемства, выдаткаваўшы на гэта больш за 46 тысяч рублёў (амаль $17 тысяч), паведамляе Генеральная пракуратура.

Мужчына ўзначальваў аграрнае прадпрыемства са снежня 2018 года. У верасні 2025 года ён вырашыў абнавіць кватэру, якую яму выдзеліла фірма. Каб не траціць асабістыя сродкі, дырэктар арганізаваў рамонт за кошт прадпрыемства. На гэтыя ж грошы ў кватэру купілі новую мэблю, кухонны гарнітур і бытавыя рэчы.

У выніку прадпрыемству была нанесена буйная шкода — сума перавысіла 46 тысяч рублёў. На кіраўніка завялі справу па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Мужчыне пагражае да 10 гадоў калоніі са штрафам або без яго, а таксама забарона займаць пэўныя пасады.

Денис Мисюля