У Лідзе памерла Яўгенія Пятроўна Барташэвіч — апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які пастаянна пражываў на Лідчыне. Пра гэта паведаміў Telegram-канал «Лидский (не)официально».
Яўгеніі Барташэвіч было 88 гадоў. На момант пачатку вайны ёй было 4 гады. Яна нарадзілася ў вёсцы Куйвары Усевалажскага раёна Ленінградскай вобласці. Гэтая тэрыторыя была ў прыфрантавой паласе блакады Ленінграда.
Яўгенія Пятроўна правяла ва ўмовах блакады ўсе 872 дні — з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года. У 17 гадоў яна ўладкавалася на працу на Охцінскі хімічны камбінат.
У пасляваенны час пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Ліду.
У Яўгеніі Барташэвіч засталіся дзве дачкі, чатыры ўнукі і праўнук.
У Лідскім раёне больш не засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі раёна.
Два ветэраны сышлі ў 2026-м годзе
Раней, у лютым 2026 года, на 103-м годзе жыцця памёр Мікалай Мычко — ветэран Вялікай Айчыннай вайны і ганаровы грамадзянін Лідскага раёна. Мікалай Мычко нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці. У 1942 годзе, ва ўзросце 16 гадоў, разам са старэйшым братам уступіў у партызанскі атрад «За Савецкую Беларусь», дзе быў сувязным і ўдзельнічаў у «рэйкавай вайне».
Пазней служыў сувязістам у складзе Чырвонай арміі, удзельнічаў у вызваленні Беларусі і баях ва Усходняй Прусіі, быў паранены. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».
Пасля вайны працаваў настаўнікам пачатковых класаў, а затым дырэктарам школы. У 2025 годзе яму прысвоілі званне «Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна».
Колькі ветэранаў ВАВ засталося ў Беларусі
За апошнія дзесяць гадоў колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі скарацілася з 13,7 тысячы чалавек у 2016 годзе да 574 у 2026-м — амаль у 24 разы. У 2020 годзе непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў у краіне было 2639, сёння — 269 чалавек на ўсю Беларусь. Сярэдні ўзрост удзельнікаў вайны складае каля 99 гадоў, самым маладым — больш за 90.
Колькі ветэранаў засталося ў Гродзенскай вобласці і Гродне
У Гродзенскай вобласці ў 2020 годзе пражывалі 332 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 годзе іх налічвалася ўжо 212, з іх 116 — непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Да 2023 года ветэранаў засталося 98 чалавек. На 1 студзеня 2026 года ў вобласці налічвалася 39 ветэранаў ВАВ: 12 інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, 11 працаўнікоў тылу і 11 блакаднікаў.
Паводле звестак ТРК «Гродна», да траўня 2026 года ў рэгіёне заставалася ўжо 36 ветэранаў. У самім Гродне ў 2024 годзе пражывалі 34 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у 2025 годзе — 24, а ў 2026-м — 22 чалавекі. Сярод іх шэсць блакаднікаў, а пяцёра перасягнулі стогадовы рубеж.




