Мелавыя кар’еры пад Краснасельскім, вядомыя як «Краснасельскія Мальдывы», афіцыйна абвешчаны геалагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Адпаведнае рашэнне Ваўкавыскага райвыканкама ад 4 мая 2026 года № 292 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, плошча помніка прыроды складае 356,83 га. У яго межы ўвайшлі землі ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (301,01 га), Ваўкавыскага лясгаса і КСУП «Невяровічы». Таксама вызначаны рэжым аховы і правілы выкарыстання тэрыторыі.

Кіраваць новым помнікам прыроды будуць Ваўкавыскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр і ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Рашэнне ўступіла ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання 8 мая.

Пра магчымасць надання кар’ерам пад Краснасельскім прыродаахоўнага статусу гаварылі ўжо некалькі гадоў. У 2025 годзе навукоўцы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах падрыхтавалі адпаведнае навуковае абгрунтаванне.

Унікальны для Беларусі ландшафт

Мелавыя кар’еры пад Краснасельскім узростам каля 90 мільёнаў гадоў за апошнія гады ператварыліся ў унікальны прыродны комплекс. У адрозненне ад большасці падобных аб’ектаў у Беларусі, тут не праводзілі рэкультывацыю, таму прырода аднаўлялася самастойна.

На схілах з’явіліся трава і куст’е, выраслі тысячы дрэў, сфармаваўшы рэдкі для краіны горны ландшафт. Навукоўцы выявілі тут дуб скальны і жужаля фіялетавага, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Незвычайным аказаўся і падводны свет кар’ераў. Нягледзячы на адсутнасць сувязі з рэкамі і азёрамі, у вадаёмах з’явілася рыба — карась, плотка, акунь, шчупак і іншыя віды. Мяркуецца, што ікру перанеслі вадаплаўныя птушкі.

Як мелавыя кар’еры сталі пунктам прыцягнення турыстаў

Краснасельскія кар’еры ўжо шмат гадоў вабяць турыстаў ярка-бірузовай вадой і незвычайным ландшафтам. Яшчэ ў 2012 годзе іх наведалі каля 100 тысяч чалавек, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнай турыстычнай інфраструктуры.

Пры гэтым кар’еры заставаліся прамысловай тэрыторыяй прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы». Купанне і адпачынак тут афіцыйна забароненыя, а пад’язныя дарогі адносяцца да вытворчай зоны.

У 2023 годзе прадпрыемства часткова легалізавала наведванне аднаго з кар’ераў. Для арганізаваных груп абсталявалі аглядную пляцоўку з відам на возера глыбінёй да 50 метраў і распрацавалі экскурсійны маршрут з наведваннем музея прадпрыемства.

Навукоўцы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах адзначалі, што кар’еры маюць высокі патэнцыял для экалагічнага і навуковага турызму.