У бібліятэцы №2 Гродна пры ўдзеле «Рускага дома» адбылася дыялогавая пляцоўка «Нам мір запаветана берагчы». Паводле заявы арганізатараў, мерапрыемства было прысвечана памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і аб’яднала ветэранаў, школьнікаў, педагогаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Аднак ветэранаў ВАВ на сустрэчы, вядома, не было. Удзельнікам паказалі відэаролік пра Перамогу і прадставілі выставу дзіцячых малюнкаў, прысвечаных тэме вайны і памяці.
Каго запрасілі на сустрэчу: ветэран Узброеных сіл СССР
У якасці «ветэранаў» на мерапрыемстве выступілі, у прыватнасці, 84-гадовы палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Цюцюннік (нарадзіўся ў 1942 годзе), які скончыў Кіеўскае ваеннае вучылішча сувязі ў 1965 годзе. Адзначаецца, што ён ветэран Узброеных сіл СССР.
Такім статусам і аднайменным медалём узнагароджваліся вайскоўцы за 25 і больш гадоў бездакорнай службы ў Савецкай Арміі, Ваенна-Марскім Флоце, памежных і ўнутраных войсках. Медаль «Ветэран Узброеных Сіл СССР» — гэта ведамасная (па статусе блізкая да дзяржаўнай) узнагарода, заснаваная 20 траўня 1976 года.
Яна не дае аўтаматычных ільгот у сучаснай РФ.
У Беларусі ж ёсць катэгорыя ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, і сюды адносяцца людзі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана.
У Расіі таксама ёсць званне «ветэрана ваеннай службы». Імі прызнаюцца вайскоўцы, якія маюць не менш за 20 гадоў выслугі і дзяржаўныя або ведамасныя ўзнагароды, ганаровыя званні альбо іншыя знакі адрознення, а таксама вайскоўцы, якія сталі інвалідамі ў выніку ранення, траўмы або захворвання, атрыманых пры выкананні службовых абавязкаў.
Званне «Ветэран ваеннай службы» прысвойваецца ўпаўнаважанымі расійскімі федэральнымі органамі і пацвярджаецца адпаведным пасведчаннем.
Ці ёсць такое званне ва Уладзіміра Цюцюнніка — не ўдакладняецца. На сайце гродзенскай Кнігі славы напісана, што ён узнагароджаны ордэнамі «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» (1990), ордэнам Пашаны Рэспублікі Беларусь (2012), медалямі «За бездакорную службу» I, II і III ступеняў (1982, 1977, 1972), «За воінскую доблесць» (1970) і юбілейнымі медалямі.

Намеснік старшыні Савета ветэранаў аднаго з раёнаў горада
Таксама ў сустрэчы прымала ўдзел 70-гадовая Ірына Галайда, намеснік старшыні Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна, якая раней працавала ў дзіцячым садку прадпрыемства «Гродна Азот».
Яна часта ўдзельнічае ў школьных мерапрыемствах, дзе распавядае пра жыццё горада падчас вайны, гісторыю ваеннага перыяду і займаецца пошукам пахаванняў загінулых падчас вайны.
Паводле афіцыйных звестак, у Беларусі сёння пражывае 574 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З іх 269 з’яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі баявых дзеянняў. Іх сярэдні ўзрост складае каля 99 гадоў, большасць пражывае ў Мінскай вобласці. Нягледзячы на гэта, у рэгіёнах працягваюць працаваць саветы ветэранаў, якія аб’ядноўваюць у асноўным пенсіянераў і ўдзельнічаюць у правядзенні памятных мерапрыемстваў у школах і ўстановах.



