Колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой за апошняе дзесяцігоддзе істотна павялічылася, а геаграфія іх выбару — пераарыентавалася. Пра гэта сведчыць даследаванне «Беларускія студэнты за мяжой: рост і змена выбару паміж Расіяй і ЕС» Інстытута «Палітычная сфера». На прэзентацыі даследчыкі расказалі, сярод іншага, ці ўплывае рэгіён паходжання на кірунак эміграцыі.
Аўтары прааналізавалі дадзеныя па 37 краінах — гэта еўрапейскія дзяржавы, а таксама Расія і Турцыя. У даследаванне не ўвайшлі ЗША і Кітай – у інстытута не было магчымасцей і рэсурсаў глыбока вывучаць іх. Аднак, паводле ацэнак, у першай навучаецца каля 100 беларусаў, а ў другой — каля тысячы. Перыяд закранае 2013-2023 год – дадзеных няма нават за 2024 год, іх спадзяюцца атрымаць у канцы бягучага года.
Ад 13 да 7: як змянілася суадносіны
Агульная колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой з 2013 года ў абсалютных лічбах крыху знізілася з каля 34 тыс. да 28,8 тыс. у 2023-м. Але адукацыйная міграцыя за 10 гадоў істотна вырасла. Калі ў 2016 годзе на 13 студэнтаў у Беларусі прыходзіўся адзін, які вучыўся за мяжой, то ў 2023 годзе гэтыя суадносіны змянілася як 7 да 1.
Пры гэтым, калі не ўлічваць Расію, колькасць беларускіх студэнтаў у астатніх 36 краінах за дзесяць гадоў вырасла прыкладна ўдвая, а ў РФ – зменшылася.
Доля Расіі ўпала з 70% да 32% ад агульнай колькасці (у абсалютных лічбах – з 23 тыс. да каля 10 тыс.). Сярод тых, хто вучыцца ў Расіі, доля завочнікаў і вочна-завочных студэнтаў перавышае колькасць тых, хто атрымлівае адукацыю на дзённай форме.
Польшча на першым месцы
Асноўным напрамкам для беларускіх студэнтаў у перыяд з 2013 па 2023 гады стала Польшча – колькасць студэнтаў вырасла з 11% да 44% (з 3,7 да 12,7 тыс.).
Яе папулярнасць даследчыкі тлумачаць сукупнасцю фактараў: адноснай даступнасцю адукацыі, геаграфічнай і культурнай блізкасцю, а таксама магчымасцямі для далейшага працаўладкавання.
Значна выраслі долі іншых краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы (перш за ўсё, Чэхіі і Славакіі) – пры стагнацыі і скарачэнні ў Заходняй і Паўночнай Еўропе.

Паводле прагнозаў, пік адукацыйнай міграцыі з Беларусі пройдзены. Колькасць, хутчэй за ўсё, стабілізуецца на ўзроўні каля 27 тыс. ці будзе паступова зніжацца. «Вялікая пяцёрка» (Польшча, Расія, Літва, Чэхія і Германія), верагодна, будуць прыцягваць каля 90% беларускіх студэнтаў замежжа, хаця можна чакаць паступовага пашырэння геаграфіі.
Гродна «цягне» не толькі на Захад
Адна з гіпотэз, якую разглядалі — што рэгіён паходжання студэнтаў уплывае на выбар краіны навучання. Напрыклад, меркавалася, што выхадцы з усходніх абласцей Беларусі часцей едуць у Расію, а з заходніх — у краіны ЕС.
Аднак гэтая залежнасць не пацвердзілася. Паводле даследавання, беларускія студэнты кіруюцца перадусім прагматычнымі фактарамі: коштам навучання і жыцця, спрыяльнымі умовамі паступлення, а таксама перспектывамі працаўладкавання пасля атрымання дыплома.

Што пасля вучобы
Пытанне, што адбываецца са студэнтамі пасля заканчэння навучання, застаецца менш вывучаным. Паводле ацэнак даследчыкаў, значная частка маладых людзей пасля некалькіх гадоў жыцця за мяжой імкнецца там і застацца.
Пры гэтым сітуацыя адрозніваецца ў залежнасці ад краіны. У Польшчы беларусам адносна прасцей інтэгравацца — у тым ліку праз мову і рынак працы. У Літве гэты працэс складанейшы: моўны бар’ер застаецца істотнай перашкодай, і многія студэнты не асвойваюць літоўскую на дастатковым узроўні нават за час навучання.
Чытайце таксама: “Хацела вярнуцца, але з еўрапейскім дыпломам не бяруць”. Гісторыі гродзенскіх студэнтаў, якія з’ехалі за мяжу



