Гродзенка, якая жыве побач са скверам на вуліцы Дарвіна, які зараз рэканструююць, апублікавала ў TikTok некалькі відэа пра ход работ. У каментарыях яна сцвярджае, што на тэрыторыі ўжо высеклі каля васьмі старых дрэў, а кусты працягваюць выкопваць і вывозіць. Паводле яе слоў, жыхары суседніх дамоў неаднаразова звярталіся да мясцовых улад з просьбай растлумачыць праект, паказаць яго, а таксама вынесці на грамадскае абмеркаванне.

«Абяцалі пакінуць зелень»

Жыхары забілі трывогу пасля рэканструкцыі першай часткі парка з іншага боку моста — хацелі папярэдзіць высечку зеляніны. На іх звароты ўлады адказвалі пісьмова і абяцалі, што выдаляць расліны ў скверы не будуць.

«І падманулі», — піша гродзенка.

Паводле слоў аўтаркі відэа, высякалі не толькі засохлыя дрэвы, але і тыя, якія гарвыканкам у пісьмовым адказе прызнаў здаровымі.

Таксама яна распавяла, што мясцовым не патлумачылі, што і як будзе адбывацца са скверам. «Праблема ж у гэтым: сабралі б людзей, патлумачылі, ніхто б мяне не тузаў, каб я пісала… А так усе жыхары: што там, як там, што ў нас будзе, паніка…. Можна ж да людзей з павагай ставіцца, а не рабіць як самі вырашылі — у нас наогул чыноўнікі павінны працаваць для народа, а не наадварот».

У Гродне працягваюць рэканструяваць сквер на Дарвіна. Жыхары дамоў скардзяцца на высечку дрэў і адсутнасць праекта
Зрэзаныя кусты і ссечанае дрэва. Фота: скрыншот з відэа

«Мы не супраць рэканструкцыі»

Пры гэтым жыхары не супраць рэканструкцыі сквера як такога. Яны самі бачылі — схіл абвальваўся, асфальт на дарожках «успучыўся» і раскрышыўся.

«Але ніхто не меркаваў, што іх ціхі зялёны сквер захочуць зрабіць яшчэ адным месцам тусоўкі з кафэ, кучай асвятлення і практычна без зеляніны. Хопіць і той часткі, якую зрабілі ў мінулым годзе. Павінна ж быць разнастайнасць — з таго боку тусуецца моладзь, а з гэтага людзі старэйшыя і больш спакойныя маглі б гуляць і адпачываць. А такое адчуванне, што ўсё робяць пад адзін грэбенчык: камяні, кафэ і мінімум зеляніны, таму і абураемся», — напісала яна.

У Гродне працягваюць рэканструяваць сквер на Дарвіна. Жыхары дамоў скардзяцца на высечку дрэў і адсутнасць праекта
Высечаныя кусты. Фота: скрын з відэа

«Усю прыгажосць выкапалі»

Многія каментатары пад відэа пагадзіліся з жанчынай.
«Усю прыгажосць выкапалі. Гэты сквер заўсёды прыцягваў зелянінай, а цяпер тут хаос. Хочацца плакаць, гледзячы на гэта. Тут саджалі дрэвы выпускнікі тэхнікума, жыхары гэтай вуліцы. Дзеці гулялі ў футбол і настольны тэніс, хованкі. Тут не трэба 200 ліхтароў, тут патрэбныя дрэвы, кусты і кветкі, каб можна было адпачыць ад гарадскога шуму і летняй спёкі. Сквер знаходзіцца ў спальным раёне, тут жывуць у асноўным людзі за 50, гэта, напэўна, для іх камфорту?» — напісала адна з каментатарак.

Хтосьці пісаў пра тое, што ў Гродне стала менш зеляніны ва ўсім горадзе, хтосьці распавядаў пра падобныя сітуацыі ў Магілёве, дзе спілавалі старыя дубы.

У Гродне працягваюць рэканструяваць сквер на Дарвіна. Жыхары дамоў скардзяцца на высечку дрэў і адсутнасць праекта
Рэканструкцыя сквера. Фота: t.me/grodnoplus

«У свой час знішчылі ўсе дрэвы па вуліцы Савецкай і на плошчы Савецкай. Замест прыгожых і высокіх дрэў, пад якімі ў спёку можна было схавацца ад сонца, пасадзілі нейкае ўродства. І наогул плошчу ператварылі ў нейкі вялікі прадуктовы базар. Усю прыгажосць знішчылі!» — напісала адна карыстальніца.

Іншыя адказвалі, што сквер да гэтага быў рассаднікам «варон і кляшчоў», а пад кустамі часта начавалі п’яніцы — аўтарка відэа не пагадзілася. Была і прапанова пачакаць, пакуль сквер даробяць — маўляў, пасадзяць новыя дрэвы і кусты.

Што абяцаюць улады

Тэлеканал «Гродна Плюс» выпусціў сюжэт пра абнаўленне сквера на Дарвіна і распавёў, як ён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі. Там сцвярджаецца, што галоўная задача праекта — захаваць планіроўку і ўтульнасць старога парка, дапоўніўшы яго сучаснымі элементамі. Пры гэтым праекціроўшчыкі трымаюць інтрыгу, але ключавыя рашэнні ўжо вядомыя.

Напрыклад, абяцаюць, што здаровыя кусты і дрэвы захаваюць і дапоўняць новымі квітучымі пасадкамі. Замест звычайных лавак усталююць нетыповыя лаўкі-альтанкі з аўтарскім дызайнам.

У Гродне працягваюць рэканструяваць сквер на Дарвіна. Жыхары дамоў скардзяцца на высечку дрэў і адсутнасць праекта
Рэканструкцыя сквера. Фота: t.me/grodnoplus

Таксама ўмантуюць новую сістэму асвятлення не толькі ўздоўж алей, але і дэкаратыўную падсветку ўнутры зялёных зон.

Будаўнікі абновяць пакрыццё ўсіх пешаходных дарожак на сучаснае палатно з арыгінальным малюнкам у выглядзе штрых-кода. Таксама плануецца абсталяваць маляўнічыя фотазоны, замяніць старую ратонду на новую і ўсталяваць «унікальны арт-аб’ект» да Дня горада.