Кветкавыя аркі з вуліцы Савецкай вырашылі перанесці пасля апытання грамадзян у інтэрнэце. Праўда, пакуль не ўсе, але старшыня Гродзенскага гарвыканкама паабяцаў, што за наступную зіму ўлады прыдумаюць, куды дзець астатнія. А ў гэтым сезоне іх на «пешаходцы» стане менш.
Пытанне з аркамі гродзенцы ўзнялі падчас размовы са старшынёй гарвыканкама на тэлеканале «Гродна Плюс». Тады з’явілася ідэя правесці апытанне сярод жыхароў. Яно выклікала вялікую дыскусію не толькі ў сацсетках тэлеканала, але і ў інтэрнэце.
У выніку частку арак вырашылі перанесці. Куды — пакуль не вызначыліся, але абяцаюць знайсці ім новае месца.
— Аркі на вуліцы Савецкай застануцца, але ў меншай колькасці, каб, умоўна, не псаваць віды на нашу прыгожую архітэктуру. Мы частку арак перамесцім, куды — яшчэ пакуль не вырашылі. Хутка прымем рашэнне. Магчыма, яны з’явяцца на цэнтральных уваходах у парк Жылібера. У наступным годзе мы прымем нейкае іншае архітэктурнае рашэнне, — расказаў Андрэй Хмель.
Што кажуць гродзенцы
Пад навіной тэлеканала — больш за 50 каментарыяў. Некаторыя жыхары пішуць, што аркі ім падабаліся. «Аркі з кветкамі ўпрыгожваюць і прыцягваюць турыстаў, колькі жанчын з дзецьмі любуюцца і фотасесіі робяць, вы, напэўна, толькі сцены любіце, а [не] тое, што вока людское цешыць», — напісала адна з гродзенак.
Але большасць такім рашэннем мясцовых улад засталіся задаволеныя.
«Вельмі правільнае рашэнне. Гэтая вуліца пісьменна спланаваная — вышыня будынкаў ідэальна суадносіцца з шырынёй вуліцы. Самі будынкі прыгожа дэкараваныя. Акрамя таго, на іх вісяць таблічкі, якія расказваюць пра гісторыю будынка. Не думалі, калі ставілі. У парку будзе нашмат лепш паставіць такія аркі. Ды і наогул вуліц у Гродне шмат», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
Жыхары задаволеныя, што ўлады «прыбралі мяшчанства» і «прызналі памылку».
Дзе чакаюць аркі з Савецкай
Былі і прапановы, куды можна перанесці гэтыя архітэктурныя формы.
Прапаноўвалі ўпрыгожыць імі мікрараёны Альшанка і Грандзічы.
«На Вішняўцы нічога не робіцца, Крамко, Паўднёвая вул., суцэльныя аптэкі, аднастайныя прадуктовыя крамы, ніякай прыгажосці».
Таксама прапаноўвалі перанесці аркі ў Каложскі парк, куды раней перанеслі скульптуру з Савецкай плошчы — рукі з сардэчкам.




