Бізнэсоўца з Гродзеншчыны будуць судзіць за палітыку. «Афіцыйны канал Рэспублікі Вейшнорыя» прызналі экстрэмісцкім. Ксяндза з Ліды затрымалі за падпіскі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 24 лютага па 2 сакавіка.
Папаўненне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў
- Telegram-канал «Viejšnoryja Today» і чат у Telegram «Viejšnoryja | Вейшнорыя» (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 21 лютага),
- Telegram-канал «Ліхтар», чат у Telegram і іх візуальны матэрыял (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 21 лютага),
- Telegram-канал «Компромат 2.0: Мы решаем, что является компроматом» (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 21 лютага),
- Бот у Telegram «KomandaK2» (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 21 лютага),
- Чат у Telegram «К2: Chat» (па рашэнні суда Ленінскага раёна Гродна ад 21 лютага),
- Instagram-акаўнт «nexta_live_belarus» і яго лагатып (па рашэнні суда Лідскага раёна ад 25 лютага),
- Instagram-акаўнт «podiia.info» (па рашэнні суда Лідскага раёна ад 27 лютага),
Ксяндза з Ліды затрымалі за падпіскі
Ксяндза Дзмітрыя Мальца, вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, затрымалі за падпіскі на «непажаданыя» рэсурсы паводле ч. 2 арт.19.11 КаАП, пішы «Хрысціянская візія».
Раней святар служыў у Наваградку і стаў вядомы тым, што ў 2023 годзе яго хацелі заклікаць у беларускае войска. У касцёле нават прайшла развітальная імша, аднак пасля рэзанансу ў СМІ заклік адмянілі.

Асудзілі сямейную пару
У Гродзенскім абласным судзе асудзілі мужа і жонку Леаніда і Антаніну Церабей. Антаніну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» паводле ч.1 арт. 324 КК. Леаніда судзілі па пяці артыкулах КК. Акрамя ўдзелу ў пратэстах, інкрымінавалі абразу і паклёп на Лукашэнку, распальванне варожасці і здзек з дзяржсімвалаў. Яго прысудзілі да 3,5 гадоў калоніі, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Сямейную пару затрымалі ў яшчэ ў чэрвені 2024 года. У СІЗА Леанід Церабей знаходзіўся з 25 чэрвеня. Яго жонку пакінулі пад хатнім арыштам.

Новыя палітвязні
Леанід Церабей і Сяргей Цераховіч з Гродна, Аляксандр Сезень з Ваўкавыска, Юрый Кутузаў са Смаргоні 25 лютага прызнаны палітзняволенымі.
Жыхара вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхара Гродна.
Палітвязень Дзяніс Івашын ужо тры месяцы без тэлефонных званкоў
Палітвязень Дзяніс Івашын не можа тэлефанаваць родным ужо тры месяцы запар — у снежні, студзені і лютым. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга Івашына ў Facebook.
«На жаль, цуду ня здарылася, Дзяніс Івашын так і не патэлефанаваў нам і ў лютым. Гэта значыць, што ўжо роўна тры каляндарныя месяцы — снежань, студзень і люты — Дзяніс пазбаўлены адзінага 15-хвіліннага тэлефоннага званка. Сувязь з намі ён можа падтрымліваць толькі праз карэспандэнцыю. Дзякуй Богу, акурат учора прыйшло шмат лістоў і паштовак ад яго», — напісала Вольга.

Гродзенскі гарвыканкам пахваліўся працаўладкаваннем экс-зняволеных, на працу атрымалі толькі 5 з 10
У 2025 годзе 10 вызваленых мелі патрэбу ў працы, але зладзіць змаглі толькі пецярых, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
У аддзеле ўнутраных спраў Ленінскага раёна Гродна прайшла акцыя, якой улады прадставілі як поспех. У ёй удзельнічалі 53 раней судзімых, але напрамкі на працаўладкаванне атрымалі толькі шасцёра. Што стала з астатнімі, застаецца незразумелым — ці то яны не праявілі цікавасці, ці то для іх проста не знайшлося вакансій.
Бізнэсоўца з Гарадзеншчыны будуць судзіць за палітыку
Віталю Пятрэнка 46 гадоў. Паводле звестак з сацсетак, ён родам з Гродзеншчыны, з вёскі Мірацічы Карэліцкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзіця, піша «Наша Ніва».
Віталь займаецца бізнэсам. Спачатку ён спецыялізаваўся на сэндвіч-панэлях для будаўніцтва дамоў. А з 2018 года ўзначальвае кампанію «Еўрапейскія будаўнічыя тэхналогіі».
Невядома, калі Віталя затрымалі, але сацсеткі перасталі абнаўляцца ў сярэдзіне верасня 2024 года. Апошні яго апдэйт — відэа з адпачынку ў Грузіі. З тых часоў Пятрэнка нідзе не анлайн.
Віталя Пятрэнку пачынаюць судзіць 10 сакавіка 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў - «паклёп на Лукашэнку» (ч.2 арт. 367 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Бізнэсоўцу пагражае да шасці гадоў калоніі.

Экс-палітвязню Банцэру збіраюць дапамогу — ён трапіў у польскае СІЗА
Паведамленні аб арышце Ігара Банцэра ў яго профілі ў Facebook з’явіліся 21 лютага. Сябры паведамляюць, што яго затрымалі ў Варшаве яшчэ 5 лютага. Цяпер для актывіста збіраюць дапамогу. Банцэр знаходзіцца ў следчым ізалятары Варшавы (Areszt Śledczy w Warszawie-Służewcu — польск.). Санкцыя пракурора аб заключэнні пад варту дзейнічае тры месяцы.

Блогера Вадзімаці высяляюць з шэлтара для экс-палітвязняў
Былы палітвязень і гродзенскі блогер Вадзім Ермашук павінен пакінуць шэлтар 28 лютага. Блогер не паспеў знайсці здымнае жыллё, таксама ў хуткім часе яго чакае аперацыя, пасля якой мужчына паўгода не зможа займацца цяжкай фізічнай працай. Кіраўнікі фонду By_Help, якія курыруюць пражыванне ў шэлтары, у размове с «Нашай Нівай» адзначылі, што працягваць арэнду для Вадзімаці не будуць.

20 палітычным «хімікам» у Гродзенскай вобласці ўзмацняюць пакаранне
У лютым як мінімум 23 «хімікам» Гродзенскай вобласці, асуджаных паводле палітычных артыкулаў, спрабавалі ўзмацніць пакаранне. Гэта стала вядома з раскладу судоў аб замене абмежавання волі з накіраваннем або без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прадстаўніца юрыдычнай дапамогі «Вясны» распавяла, з чым гэта можа быць звязана.
У Гродне адкрыўся 20-ы міліцэйскі ваенна-патрыятычны клуб для дзяцей
У міліцэйскім ваенна-патрыятычным клубе будуць вучыць дзяцей і падлеткаў узростам ад 11 да 17 гадоў. Практычныя заняткі будуць праходзіць у падраздзяленнях міліцыі - дзяцей навучаць страляць. Ваенна-патрыятычны клуб «Волат» функцыянуе на базе сярэдняй школы № 42. Навучанне ў ім пройдуць 30 дзяцей. Апроч заняткаў па фізічнай і страявой падрыхтоўцы дзеці таксама будуць вучыцца страляць і аказваць першую медыцынскую дапамогу.