Сядзіба «Іва Парк» знаходзіцца ў аграгарадку Капцёўка, што ў 12 км ад Гродна. У комплекс уваходзяць тры драўляныя дамы, дзве лазні і некалькі альтанак. Інфармацыя аб продажы з’явілася на сайце агенцтва нерухомасці «Цэнтр жылля».

Гатовы бізнес абыдзецца ў $ 300 тыс.

Пакупніку прапануюць два ўчасткі плошчай 0,456 і 0,68 гектараў. На іх размясціліся тры драўляныя, цалкам укамплектаваныя дамы. Таксама на ўчастках ёсць дзве лазні і некалькі альтанак.

Прадавец лічыць, што комплекс мае інвестыцыйны патэнцыял. Аграсядзібу можна здаваць у арэнду, ёсць і магчымасць рэалізацыі бізнес-пректаў. Сярод якіх — гасцінічны, вясельны або спартыўна-забаўляльны комплекс. Таксама сядзіба можа прадастаўляць памяшканні на працяглы тэрмін для правядзення семінараў, бізнес-сустрэч і рэтрытаў.

За гатовы бізнес просяць 996 388 руб. ($ 302 670).

Аграсядзібны бізнес перажывае не лепшыя часы

Аграсядзібы Гродзенскай вобласці па-ранейшаму карыстаюцца попытам сярод турыстаў, але іх колькасць скарачаецца з кожным годам.

У 2016 годзе ў вобласці налічвалася 324 аграсядзібы, праз тры гады — 394. Пасля іх колькасць узрастала і дасягнула піку ў 2022 годзе — каля 450 сядзіб. Далей сядзіб у вобласці станавілася менш і ў 2024 годзе іх засталося 267.

Адпаведная сітуацыя назіраецца і ў Гродзенскім раёне. Да 2020 года тут працавала 110 аграсядзіб. Але ў 2024 годзе іх засталося менш за палову — 50.

Адной з магчымых прычын скарачэння колькасці аграсядзіб мог стаць указ Лукашэнкі № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму», які набыў моц са студзеня 2023. Ён прынёс новыя патрабаванні да аграсядзіб, але не ўсе ўласнікі змаглі выканаць умовы і, адпаведна, не прайшлі перарэгістрацыю.