Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Што здарылася з польскімі школамі на Гродзеншчыне?

У былых польскіх школах у Гродне і Ваўкавыску дзеці могуць вывучаць польскую мову толькі адну гадзіну ў тыдзень. Дом польскі ў Баранавічах, дзе існавала прыватная польская школа, закрыты. Пра праблемы польскай адукацыі ў Беларусі расказала Радыё Ўнэт Ганна Кетліньска, кіраўнічка Падляскага аддзелу арганізацыі «Вспульнота польска», якая шмат гадоў супрацоўнічае і падтрымлівае палякаў у Беларусі.

«Адзіныя дзве афіцыйна дзеючыя польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску засталіся зачыненыя. Гэта сітуацыя не змянілася. Польскую мову дзеці могуць вучыць толькі адну гадзіну на тыдзень і толькі з выражанай волі бацькоў, якіх, канешне, увесь час інфармуюць, што гэта не патрэбна і [яны] ў пэўным сэнсе запужаны.

Польская мова, нягледзячы ні на што, вывучаецца ў Беларусі. Я атрымліваю рознага кшталту матэрыялы, фільмікі ад Анжалікі Борыс таксама, якія паказваюць, што мы адкаціліся на 30 гадоў назад, бо польскую мову дзеці вывучаюць дома.

[…] Я помню пачатак школьнага году ў польскіх школах, дзе былі бела-чырвоныя шарыкі, дзе сустракаліся мы з Польшчы, прадстаўнікі Генеральнага консульства, і для нас гэта было свята польскай мовы і свята польскай меншасці ў Беларусі», — расказала Ганна Кетліньска ў час акцыі салідарнасці з палітзняволеным лідарам Саюза палякаў Анджэем Пачобутам. Акцыя прайшла ў Беластоку 24 жніўня.

Ганна Кетліньска выступае на акцыі ў Беластоку
Ганна Кетліньска выступае на акцыі ў Беластоку

Таксама перасталі выконваць сваю функцыю Дамы польскія, якія некалі ствараліся з дапамогай Польшчы як рэгіянальныя цэнтры польскай адукацыі і культуры ў Беларусі.

«Яшчэ да 2021 году ў Доме польскім у Баранавічах размяшчалася польская школа, але ўсё змянілася. Цяпер там рытуальныя паслугі, крамы альбо [дамы] папросту знішчаюцца. Саюз палякаў Беларусі, з якім супрацоўнічаем, гэта людзі не толькі на Гарадзеншчыне, хаця тут людзей польскага паходжання найбольш, але яны жывуць таксама ў іншых месцах і там дзейнічаюць, бо маюць глыбока ўкаранёны абавязак адносна польскай традыцыі і польскай мовы. У розных месцах ёсць польскія могілкі. Палякі сустракаюцца дома, у касцёлах, і гэта працягваецца», — сказала Кетліньска.

Яна параўноўвае сённяшнюю цяжкую сітуацыя для польскай меншасці ў Беларусі з сітуацыяй пасля 1945 года, калі не функцыянавалі польскія школы і касцёлы.

Як ліквідоўвалі польскую адукацыю ў Гродне

Польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску з 2022 года сталі звычайнымі рускамоўнымі школамі, дзе польская мова выкладаецца проста як адзін з прадметаў.

У тым жа годзе ліквідавалі кафедру польскай мовы і літаратуры ГрДУ, як і цэнтр польскай мовы, культуры і літаратуры. Яны зніклі са структуры філалагічнага факультэта на сайце ўніверсітэта.

Праз суд ліквідавалі грамадскую арганізацыю «Польска Мацеж Школьна», якая займалася адукацыяй на польскай мове ў Беларусі. Яе маёмасць прадалі з аўкцыёна.

Пераслед палякаў у Беларусі

Беларускія ўлады пераследуюць Саюз палякаў Беларусі з 2005 году, калі ў выніку ўмяшання арганізацыя раскалолася на дзве часткі: адну афіцыйна прызнаюць у Польшчы і не прызнаюць у Беларусі, іншую — наадварот.

Лідараў непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліку Борыс, Анджэя Пачобута і шэраг іншых арыштавалі ў сакавіку 2021 года. Пазней частку вязняў вывезлі ў Польшчу. З Анжалікі Борыс знялі ўсе абвінавачанні ў красавіку 2023. Анджэй Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі і зараз адбывае тэрмін.

«Найвялікшая праблема на сёння — гэта адсутнасць інфармацыі, бо да Анджэя не можа трапіць адвакат, не даходзяць лісты, яго пазбавілі магчымасці тэлефанавання дадому. І гэта стварае найвялікшую праблему, бо мы не ведаем, дзе ён цяпер, у якім ён стане і што ўвогуле там з ім дзеецца. З той інфармацыі, што да нас даходзіць, ён на шэсць месяцаў асуджаны знаходзіцца ў камеры пакарання ў калоніі і не атрымлівае лекі для сэрца, якія патрабуе кожны дзень. Гэта таксама прымушае вельмі непакоіцца», — расказаў намеснік старшыні Саюза палякаў Марэк Занеўскі.