Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Эпідэміёлагі: брытанскага штаму COVID-19 у Гродне няма - няма лабараторый для яго вызначэння - Hrodna.life - навіны Гродна

Захворванне COVID-19 у Гродне і вобласці зніжаецца, распавялі Hrodna.life у Гродзенскім занальным ЦГЭ. У траўні 2021 года горад можа вярнуцца да нармальнага жыцця, а пакуль адмяняць нашэнне масак і дэзінфекцыю рана. Аснашчанасць лабараторый ў Гродна не дазваляе вызначыць брытанскі штам каранавіруса. Вось што яшчэ карэспандэнт Hrodna.life змагла даведацца ў спецыялістаў.

За тыдзень з 11 па 17 студзеня эпідэміялагічная сітуацыя пагоршылася, адзначала загадчыца аддзела эпідэміялогіі Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (ЦГЭ) Святлана Кісель у газеце «Перспектива». Але канкрэтных лічбаў яна не назвала. Дадзеныя аб колькасці захварэлых каронавірусам у Гродне не публікавалі з 24 красавіка 2020 года. На пытанне аб тым, чаму канкрэтныя лічбы не публікуюць, у ЦГЭ Hrodna.life адказаць не змаглі.

У Гродзенскім занальным ЦГЭ адмовіліся гаварыць з Hrodna.life. Таму карэспандэнт Hrodna.life патэлефанавала па тэлефоне прамой лініі, якую праводзіла 28 студзеня Ірына Тупік, намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Гродзенскага занальнага ЦГЭ.

Між тым, цяпер колькасць захворванняў зніжаецца, сцвярджаюць у Гродзенскім занальным ЦГЭ. Спецыялісты рыхтуюцца да нармалізацыі сітуацыі ў маі, але дадаюць, што нягледзячы на вопыт, дакладна спрагназаваць паводзіны віруса немагчыма.

Брытанскага штаму каранавірусу ў Гродна не выявілі - няма лабараторый патрэбнага ўзроўню для яго вызначэння, распавялі Hrodna.life у Гродзенскім занальным ЦГЭ. Звестак пра яго няма на сайце Міністэрства аховы здароўя і ў ягоных афіцыйных дакументах.

Дзеці хварэюць бессімптомна, дарослыя — з пнеўманіяй

Эпідэміёлагі заяўляюць, што ў Гродне можна казаць аб сфармаваным калектыўным імунітэце да COVID-19. Ён таксама акажа ўплыў на зніжэнне захворвання. Па словах эпідэміёлагаў, было досыць шмат выпадкаў, калі гродзенцы перахварэлі бессімптомна — сярод іх вялікі працэнт дзяцей і моладзі. Дакладных лічбаў Hrodna.life не далі. Таксама дапаможа вакцынацыя — гродзенцы паступова запісваюцца на прышчэпку.

У 66,9% выпадкаў каранавірус клінічна выяўлены — вострай рэспіраторнай інфекцыяй або пнеўманіяй. Часцей за ўсё хварэе дарослае працаздольнае насельніцтва. У 87,6% - гэта гродзенцы ва ўзросце 30−59 гадоў, згадвала Святлана Кісель з ЦГЭ ў газеце «Перспектива».

Маскі і дэзінфекцыя спрацавалі

Эпідэміёлагі перакананыя, што стрымаць эпідэмію дапамаглі прафілактычныя меры — выкарыстанне масак і дэзінфекцыі, дыстанцыяванне, мінімізацыя кантактаў. Ключавую ролю ў зніжэнні распаўсюджвання COVID-19 эпідэміёлагі адводзяць маскам.

Кіраўнікі арганізацый павінны забяспечыць наяўнасць масак і антысептыкаў у сваіх арганізацыях, кантраляваць здароўе супрацоўнікаў, забяспечыць дыстанцыяванне, праводзіць уборку і праветрыванне. Поўны спіс можна ўбачыць на сайце гарвыканкама.

Ложкаў для пацыентаў з каранавірусам стала менш

19 студзеня Гродзенская гарадская клінічная бальніца № 3 пачала паэтапнае перапрафіляванне ложкаў, падрыхтаваных для пацыентаў з каранавірусам. Прычына — паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі. 20 студзеня ў стацыянарныя аддзяленні паступілі першыя пацыенты не з каранавірусам. З 1 кастрычніка бальніца займалася лячэннем пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, паведаміла «Гродзенская праўда».

Улады: перадумоў для трэцяй хвалі каранавіруса няма

Гродзенская вобласць выйшла на плато па захворванні каранавірусам, заявіў 10 снежня 2020 года старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік «СБ-Беларусь Сегодня». Для трэцяй хвалі каранавіруса няма перадумоў, казаў былы міністр аховы здароўя раней. Паводле яго слоў, летам 2021 года з’явіцца вакцына, якая прайшла клінічныя выпрабаванні, сфармуецца імунная праслойка, а вірулентнасць інфекцыі знізіцца, — вірус стане сезонным.