У аўторак 17 сакавіка на купал уязной вежы Старога замка паставілі шпіль. Ужо можна ўбачыць, як гэта выглядае цалкам.

Стварэнне купала ўязной вежы Старога замка – адна з тых тэм у рамках рэканструкцыі замка, якія больш за ўсё абмяркоўваліся ў 2019 годзе. Купал распрацоўвалі беларускія спецыялісты з улікам меркавання польскіх калег.

Спачатку меркавалася, што купал будзе круглым, бо такая форма бачная на гравюры Макоўскага 1600 г. Аднак гісторыкі раскрытыкавалі гэтае рашэнне – такія купалы ў нашым рэгіёне ніколі не выкарыстоўваліся. Таму купалу было вырашана надаць форму цыбуліны.

Дыяметр новага купала – каля 6 м, вышыня – 8 м. Сталёвы каркас з драўляным лачаннем абшыты спецыяльнай дахавай меддзю, пакрытай тонкім пластом волава. Будаўнікі абяцалі, што з часам дах пацямнее і будзе выглядаць так, як у даўніну.

Навошта там наогул купал?

Купал бачны на гравюры Томаша Макоўскага 1600 г. Але выява яго, як і ўсяго замка, вельмі схематычная. Да нашага часу арыгінальны купал не захаваўся. Магчыма, ён быў знішчаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1654-1667 гадоў, калі Гродна было моцна зруйнавана.

Цяперашнюю форму стварылі ў выніку абʼяднання варыянту навуковага кіраўніка Старога замка Уладзіміра Бачкова і польскага навукоўца з Вроцлава Зыгмунта Луневіча, які займаецца купаламі.

На купал уязной вежы Старога замка паставілі шпіль

Денис Мисюля
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]