Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Андрэй Хадановіч прэзентаваў у Гродне новую кнігу "Школа травы"

Беларускі паэт і перакладчык, намеснік старшыні беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч прэзентаваў сваю новую кнігу паэзіі «Школа травы» на курсах «Мова Нанова» ў Гродне. Таксама ён чытаў свае апошнія пераклады Арцюра Рэмбо, успамінаў расстраляных у кастрычніку 1937-га беларускіх паэтаў, жартаваў, разважаў і спяваў пад гітару песні на вершы вядомых замежных паэтаў у перакладзе на нашу мову.

Гэта 10-я «дарослая» кніжка аўтара, сярод якіх «Лісты з-пад коўдры» (2004), «Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі» (2005), «Несыметрычныя сны» (2010) і іншыя. Кнігу дзіцячых вершаў «Нататкі таткі», якая была Кнігай года — 2015, ён лічыць асобна, і кажа, што яна адна для яго, як некалькі.

Нягледзячы на правакацыйную назву, аўтар прызнаецца, што кніга «Школа травы» — сур’ёзнейшая за папярэднія.

«„Школа травы“ — гэта не зборнік рэцэптаў, не інструкцыя, як скручваць паперку і класці штосьці ўсярэдзіне. Некаторыя тэксты пісаліся ў Пружанах, дзе ў мяне „зброя беларускага асілка — газонакасілка“: я гэтым [пакосам] сапраўды займаўся. Мне вельмі падабаецца пах свежаскошанай травы, ён дзейнічае мацней, чым любы алкаголь. У гэтай кніжцы я закладаю метафарычны змест: траву косяць, траву топчуць, яна прарастае — новая, маладзейшая, мацнейшая. Гэта мяккасць, за якой стае сіла, гнуткасць, за якой стае вынік, яна прарастае праз асфальт, зарастае, запаўняе сабой усё, калі не апекавацца, не касіць».

Самая прадуманая кніга

«Бываюць зборнікі паэзіі, а бываюць кнігі паэзіі. Зборнік уключае ў сябе ўсё напісанае за некалькі апошніх гадоў. Кніга паэзіі - тое, што мае сваю кампазіцыю, канцэпцыю, як любілі рабіць французскія паэты-дэкадэнты і Максім Багдановіч: кожны тэкст на сваім месцы і кніжка чытаецца як раман са сваім сюжэтам і кампазіцыяй».

У гэтым сэнсе аўтар лічыць «Школу травы» самай прадуманай. У ёй пяць раздзелаў, якія пачынаюць пяць важных для Андрэя перакладаў: гэта як бы кропкі, ад якіх пачынае развівацца думка. Гэтая кніга больш медытатыўная, пераважна тут кароткія тэксты, традыцыйна арганізаваныя. «Кніга вельмі дыялагічная з творцамі-папярэнікамі, хоць звычайна я толькі намякаю, а разумныя здагадваюцца самі».

"Гэта не зборнік рэцэптаў". Андрэй Хадановіч прэзентаваў у Гродне новую кнігу "Школа травы"

«Дастаецца ўсім»

Але аўтар не быў бы сабой, калі б не пакінуў месца правакацыйным вершам. «У „328“ я іранічна пераасэнсоўваю крымінальны артыкул, неадпаведны нормам гуманізму і адэкватнасці пакаранняў. Хаця шкода і згуба ад кепскіх алкагольных напояў большая. Але п’яной грамадой лёгка маніпуляваць, а вось грамадой абкураных людзей — немагчыма», — расказвае Андрэй Хадановіч.

«Іронія ў гэтай кніжцы зрабілася больш адраснай, для звыклай мне самаіроніі дадалася сатыра. Дастаецца і правым кансерватарам, дастаецца, у прынцыпе, усім, у тым ліку і самому аўтару».

Сусветны патоп як пранне ў машыне

Самы рамантычны раздзел у кнізе — першы: ўсё пачынаецца з любові і кахання. «Лірычнага героя можна было б назваць сэксістам, але ў яго ёсць змякчальны матыў: яму ад трох да шасці годзікаў, — кажа паэт. — У раздзеле сатыры ёсць верш пра канец свету: нехта Б. (хтосьці пабачыць госпада Бога, хтосьці - Багушэвіча, стваральніка нашай літаратурай) вельмі не любіць горад і вырашае ўсё бруднае засунуць у пральную машыну. 40-дзённы сусветны патоп пераасэнсоўваецца як соракахвіліннае пранне ў рэжыме сярэдняй інтэнсіўнасці».

На прэзентацыі «Школы травы» былі і даўнія аматары паэзіі Андрэя Хадановіча, і тыя, хто раней пра яго не чуў. «Ён вельмі добра адчувае час, сучаснасць,» — кажа адзін з наведнікаў, Аляксей. Андрэй Хадановіч не толькі паэт і перакладчык, ён выкладчык, грамадскі дзеяч, арганізатар многіх літаратурных падзеяў. Далёка не ўсе паэты могуць чытаць нават уласныя вершы так, каб іх было цікава слухаць. Хадановіч — можа, на выступах часта чаргуе чытанні, разважанні і спевы. Гродзенская аўдыторыя рэагавала на яго эмацыйна, людзі былі ўцягнутыя ў працэс, закалыханыя і ўсхваляваныя.

Андрэй Хадановіч, Школа травы, Мова Нанова

"Гэта не зборнік рэцэптаў". Андрэй Хадановіч прэзентаваў у Гродне новую кнігу "Школа травы"

«Да фірмовых вершаў, якія штогод пішуцца на Каляды, у мяне раптоўна напісаўся верш пра Вялікдзень, калі Хрыстос, як у Гародні, прызямляецца ў беларускіх гарадах. У некаторых беларускіх гарадах ужо паспелі абразіцца — чаму не ў іх». Гродзенцы слухалі задуменна.

Хрыстос прызямліўся ў Берасьці,

на самай мяжы эРБэ.

Расьце трава — і табе расьці,

і цуды рабіць — табе.

Хрыстос прызямліўся ў Горадні,

ня кажучы аб Гародні,

і ўсе жывыя — зь яго радні,

а мёртвы — яшчэ несьмяротней.

Хрыстос прызямліўся ў Смургоні,

Нясьвіжы й Старых Дарогах,

і бэз — прадвесьнік ягоны,

і глог — у яго прароках.

Хрыстос прызямліўся ў Зэльве,

у Слоніме і Залесьсі -

і ксёндз запільвае сэлфі,

і бацюшка ў кадр залезе.

Хрыстос прызямліўся ў Гомелі,

у Ракаве ды Івянцы —

і ўсё, што людзі багомілі,

зьлятае, як дзьмухаўцы.

І, верачы праўдзе й байкам,

нібы пілот з карабля,

глядзіш, як сьвяточным яйкам

па небе плыве зямля.

Ёсць у кнізе і пераклад досыць балючага, але вядомага многім тэксту. «Гэта не зусім паэзія нават, мікра-пропаведзь, напісаная па выніках гітлерызму і халакосту святаром Марцінам Німёлерам». З яго пачынаецца сатырычны, грамадскі раздел.

Калі нацысты прыйшлі па камуністаў,

я маўчаў -

я не быў камуністам.

Калі яны забіралі сацыял-дэмакратаў,

я маўчаў -

я не быў сацыял-дэмакратам.

Калі яны прыйшлі па сябраў прафсаюза,

я маўчаў -

я не быў прафсаюзнікам.

Калі яны прыйшлі па габрэяў,

я не пратэставаў -

я не быў габрэем.

А калі прыйшлі па мяне,

не было ўжо нікога, хто мог бы пратэставаць.


З чацвера новую кнігу можна будзе знайсці ў гродзенскіх кнігарнях «Раніца», «Кругагляд», «Праметэй», «Веды».

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life