У Гродне на вуліцы Горкага з’явіліся два новыя адкрытыя тэнісныя корты. Памер кожнай пляцоўкі — 18 на 36 метраў. На іх будаўніцтва і добраўпарадкаванне з гарадскога бюджэту накіравалі каля 700 тысяч рублёў.

Корты абсталявалі прафесійным пакрыццём, якое адпавядае сучасным патрабаванням. Яны стануць базай для Гродзенскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».

На новых пляцоўках будуць праводзіць трэніроўкі і спаборніцтвы — ад гарадскога да рэспубліканскага ўзроўню.

Цяпер аб’ект правярае спецыяльная камісія. Спецыялісты ацэньваюць яго бяспеку і гатоўнасць да эксплуатацыі. Адкрыццё кортаў плануецца на пачатку навучальнага года.

Пасля з’яўлення новых пляцовак у Гродне будзе працаваць 12 тэнісных кортаў.

Ідэю адкрытых кортаў абмяркоўвалі яшчэ некалькі гадоў таму

Будаўніцтва адкрытых тэнісных кортаў на вуліцы Максіма Горкага, 82А планавалі яшчэ некалькі гадоў таму. Першапачаткова працы павінны былі пачацца вясной 2021 года. Тады прадугледжвалася пабудаваць два адкрытыя корты, а таксама чатыры корты ў памяшканні, распранальні, душавыя, санвузлы, трэнерскую і адміністрацыйна-бытавыя памяшканні.

У лютым 2026 года да ідэі будаўніцтва адкрытых кортаў вярнуліся. Побач ужо працуюць крытыя тэнісныя корты пад надзіманым купалам.

Пры гэтым у горадзе не першы год абмяркоўваюць і магчымасць аднавіць закінутыя тэнісныя корты ў Каложскім парку.