Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Вызначылі намінантаў на прэмію Ядкоўскага - 2019

Сёлета вызначылі трох кандыдатаў на Прэмію Ядкоўскага — 2019. Гэта бібліёграфка Любоў Турмасава, гісторык Мечыслаў Супрон і журналіст Руслан Кулевіч. Вырашаць, хто менавіта стане лаўрэатам, будзе рада прэміі.

Сёлетнія намінанты

Руслан Кулевіч — вядомы нашым чытачам журналіст Hrodna.life. Займаецца зборам вусных успамінаў гродзенцаў. У 2019 г. выйшла яго кніга «Горад адзін, успаміны розныя», якая змяшчае гісторыі сталых гродзенцаў і іх успаміны пра Гродна пачатку 20 стагоддзя. Зараз рыхтуецца працяг гэтай кнігі. Руслан шмат зрабіў для абароны драўлянай архітэктуры Новага свету.

Гісторык Мечыслаў Супрон актыўна змагаецца за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны горада. На аснове здабытых ім матэрыялаў ён распрацаваў праект забудовы часткі вуліцы Замкавай з Домам Рыбака, пераканаў забудоўшчыкаў у неабходнасці маштабных раскопак у гэтым месцы (пачнуцца ў кастрычніку) і адбудове раёна максімальна блізка да гістарычнага выгляду. Мечыслаў Супрон некалькі разоў звяртаўся ў паркуратуру па іншых пытаннях, дамогся раскопак на вуліцы Вялікая Траецкая за сінагогай. Разам з даследчыкам Шчукіным ён зрабіў шэраг навуковых 3D-рэканструкцый страчаных і захаваных гродзенскіх будынкаў. Таксама Мечыслаў Супрон змагаецца за аўтэнтычнасць рэканструкцыі Старога замка ў Гродне, якая ўжо падыходзіць да другой чаргі.

Любоў Турмасава — знакамітая гродзенская бібліёграфка, намінавалася на прэмію летась. Яе праца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры абластной бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага далёка выходзіла за межы абавязкаў і аб’яднала аматараў краязнаўства. Шэраг «Гарадзенскіх чытанняў» — ініцыятыва Любові Турмасавай. Дзякуючы ёй штотыдзень праводзяцца творчыя сустрэчы, дыспуты, інтэлектуальныя гульні з абавязковым ўдзелам моладзі ў гарадской бібліятэцы імя А. Макаёнка.

* Гэтае галасаванне не вызначае пераможцу, а толькі збірае інфармацыю пра меркаванні чытачоў Hrodna.life.

Даведка

Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага заснаваная ў 2012 годзе гродзенскімі гісторыкамі. Штогод яе ўручаюць тым, хто зрабіў значны ўнёсак у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна, а таксама паспрыяў захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасьці Гродна і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха.