Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой - Hrodna.life - навіны Гродна

У Гродне ёсць некалькі дзясяткаў месцаў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863−1864 гадоў ці асоб паўстанцаў. Праўда, здагадацца пра гэта цяжка, бо шыльдаў ці знакаў там няма. Траціну з гэтых месцаў наведалі гродзенцы ў час экскурсіі з гісторыкам Васілём Герасімчыкам.

Экскурсія пачынаецца каля памятнай шыльды на чыгуначным вакзале. Тут адбыўся бой паміж царскім войскам і паўстанцкім атрадам, які павінен быў выехаць з Гродна ў кірунку Парэчча. Гэта адзінае паўстанцкае месца, дзе ўсталявалі памятную шыльду.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Найлепшая крыніца інфармацыі - карчма

— Мы знаходзімся побач с месцам, дзе заканчвалася вуліца Раскоша [сённяшняя Ажэшкі - рэд.]. Такую ж назву насіла карчма, дзе цяпер стаіць стаматалагічная паліклініка. Дзеячы паўстання, як Кастусь Каліноўскі, у мэтах канспірацыі выкарыстоўвалі такія месцы. Раней не кожны меў доступ нават да «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей». І найлепшая крыніца інфармацыі - гэта карчма, куды прыязджалі людзі з усёй губерніі. Каліноўскі гэтым актыўна карыстаўся, — расказвае экскурсавод. — Ва ўспамінах пра Каліноўскага апісаны эпізод, што ён спакойна мог выпіць шклянку з жандармам і выцягнуць з яго інфармацыю, якую потым выкарыстоўваў на карысць паўстанцкай справе.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Паўстанец па цане каровы

Экскурсія ідзе далей і даходзіць да дома Абрэмбскіх — Ажэшкі, 19. Любамір Абрэмбскі падаўся ў паўстанцы і стаў паўстанцкім касірам. «Праз яго рукі прайшло каля 10 000 рублёў. На той час 3−5 рублёў каштавала карова. Рускія ўлады, каб матываваць насельніцтва лавіць паўстанцаў, у аснову валюты паклалі кошт адной каровы», — расказвае Васіль Герасімчык.

Доля сям'і паказальная. Абрэмбскага саслалі ў Сібір на 15 гадоў. Ён вярнуўся без аднаго вока, амаль страціўшы зрок. Рэшту жыцця правёў у акружэнні сям'і і пры падтрымцы Элізы Ажэшкі. У яго было трое дзяцей і жонка. У выніку двое хлопцаў, якія паспелі правучыцца ў гімназіі, зараблялі перапісваннем папер.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Пячатка, якую так і не знайшлі

Там, дзе зараз знаходзіцца дом Ажэшкі, у часы паўстання быў агарод. Любамір Абрэмбскі сказаў, што схаваў там адну з паўстанцкіх пячатак, якую рускія ўлады спрабавалі знайсці, але не змаглі. Дарэчы, ніводная з пячатак Гродзенская паўстанцкай арганізацыі не трапіла ў рукі расійскіх уладаў. А вось усе чатыры мінскія пячаткі былі знойдзены. Убачыць некаторыя пячаткі, каторыя належалі іншым гарадам, можна ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Пісьменніца, якая пра паўстанне пісала ўсё жыццё

Самой Элізе Ажэшцы было 20 гадоў, калі пачалося паўстанне. Абодва яе мужа прымалі ўдзел або спрыялі паўстанню. Паўстанне ў ёй адкрыла літаратурны густ. Пісьменніца пачала звяртацца да тэмы прыгону, гродзенскай тэматыкі. І пісала і распавядала пра паўстанне ўсё жыццё.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Уся інтэлігенцыя была заангажавана ў паўстанне

Раней на плошчы Леніна была забудова. Тут жылі браты Урублеўскія, якія праславіліся як вядомыя хімікі і ўдзельнікі паўстання. У Фарным касцёле ёсць шыльда ў іх гонар. А на месцы вечнага агню стаяў былы палац Тызенгаўза. У комплексе пабудоваў знаходзілася губернскае праўленне, дзе працавалі многія ўдзельнікі паўстання.

— У Гродне на час паўстання жыло трохі больш за 20 тысяч чалавек. З іх тысяча вайскоўцаў. Але інтэлігенцыя была заангажавана ў паўстанне: службоўцы, медыкі, чыгуначнікі, настаўнікі, майстры-рамеснікі, — тлумачыць Васіль.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Паўстанцкі гатэль

У будынку, дзе зараз працуе ахова прыроды і кафэ «Семафор», быў гатэль Ромера. «Ромер быў своеасаблівым гродзенскім банкірам. У яго гатэлі быў сейф з сакрэтам, куды памешчыкі з уезда маглі складваць свае грошы, каб не скралі. А за гэта ён браў працэнт». У гатэлі спыняліся фактычна ўсе паўстанцы. У сакавіку 1863 года тут адбыўся сход паўстанцаў, дзе вырашылі, што рабіць далей пасля правалу ў Гродне. Пасля паўстання гатэль забралі і назвалі «Маскоўскім». А ў 1919 годзе тут размясціўся Урад БНР. У гонар гэтага планавалі павесіць шыльду, але не атрымалася.

Самы паўстанцкі дом і вайскоўцы ў гімназіі

На Савецкай, 6 была мужчынская гімназія. «Ідэалогія была ў гімназіі такая, што рускіх прыезджых настаўнікаў не прымалі. Чалавек пачынае весці ўрок, а ён зрываецца. Каб наладзіць дысцыпліну, у гімназіі размясцілі вайскоўцаў», — расказвае гісторык.

Дом, дзе зараз знаходзіцца «Оптыка», быў у часы паўстання вядомы як Дом Фукса. Васіль называе яго «самым паўстанцкім домам» у Гродне. «На другім паверсе спыняліся і жылі многія кіраўнікі Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Фактычна ўсе, за выключэннем ксяндзоў, якія жылі і служылі пры касцёлах».

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Недалёка, у пачатку вуліцы Савецкай, меў быць помнік Каліноўскаму.

— У 1980-х прынялі рашэнне паставіць тры новыя бюсты: Прытыцкага — удзельніка змагання супраць панскай Польшчы ў міжваенны час, Антонава — генерала, які нарадзіўся ў нашым горадзе, і Кастуся Каліноўскага, — расказвае Васіль. Але помніка дагэтуль няма.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Пакаралі смерцю дваіх чалавек. А магло быць больш

На сучаснай Савецкай плошчы, паводле сведкаў падзей, паўстанцы сустракаліся і перадавалі інфармацыю. Для гэтага выкарыстоўваліся і касцёлы.

Нельга абыйсці ўвагай турму. Гродна тады быў перасылачным цэнтрам, дзе ў турме ў розны час знаходзілася да 700 чалавек адначасова. «Паводле сведчанняў, на верасень 1863 года, калі паўстанне ішло на спад, там было 500 арыштаваных. З іх большая частка — сяляне». Да іх ставіліся больш мякка. Калі яны не ўдзельнічалі ў бітвах, павешаннях, забойствах, іх адпускалі на месца пражывання пад паліцэйскі нагляд. У адносінах да шляхты дзейнічалі больш радыкальна — яе неабходна было вынішчыць.

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

Пакаралі смерцю ў Гродне дваіх чалавек — селяніна Дамініка Талінскага за імкненне далучыць да паўстання сялянскія масы і Осіпа Урбановіча — салдата, які збег са службы ў паўстанцы. Гісторык кажа, што такіх пакаранняў было б больш, калі б пра гродзенскіх паўстанцаў даведаліся раней, пакуль паўстанне не пайшло на спад.

— Водгукі паўстання яшчэ некалькі гадоў былі ў форме штрафаў, канфіскацыі маёмасці. У горад больш актыўна пачало прыбываць рускае насельніцтва, павялічылася колькасць салдат. Засталіся трагічныя старонкі і будынкі, па якіх мы прайшліся. Комплекс значна большы: і Замкавая, і Стары замак, Новы замак, кляштары — бернардынскі, дамініканскі, брыгітак, — завяршае экскурсію гісторык.

Значэнне паўстання для Беларусі

— Мы жывем у свой час і ведаем, як усё скончылася. Людзі, якія жылі ў той час, былі маладымі: сярэдні ўзрост удзельніка Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі - 24 гады. Яны думалі з пункту погляду ідэалаў, якімі жылі. Але як бы склалася гісторыя, калі б пастаўння не было? Шкада 16 тысяч чалавек, якія сталі ахвярамі падзей. Ведаючы сітуацыю ў студзені 1863 года, шанец быў. Але для гэтага павінны былі супасці вельмі шмат фактараў. А для расійскага кіраўніцтва паўстанне магло б быць яшчэ адной катастрофай, — разважае Васіль.

Чаму ў горадзе так мала згадак пра паўстанне і месцы, датычныя яго?

Дзе ў Гродне дзейнічалі паўстанцы і чаму Каліноўскі - універсальны беларускі герой

— Пытанне да гарадскіх уладаў, з імі трэба працаваць. Мая справа як гісторыка — данесці пэўную інфармацыю.

— А навошта гэта ўвогуле патрэбна?

— Гэта частка нашай гісторыі, без якой мы не можам зразумець саміх сябе. Каб зразумець, хто мы такія, мы павінны ведаць падзеі нашай мінуўшчыны. У тым ліку і паўстанне, якое з’яўляецца адной з ключавых падзей у беларускай гісторыі 19-га стагоддзя. І паўплывала на 20-е стагоддзе тым, што нарадзіла цэлае пакаленне, якое нарадзіла ідэю Беларусі ў сённяшнім разуменні. Людзі не ведаюць пра гэта. Губляюцца традыцыі, губляецца сувязь з каранямі, але трэба над гэтым працаваць.

Універсальны герой

— Патэнцыял Каліноўскага вельмі вялікі і шкада, што дзяржава з гэтым не працуе. Гэта магчымасці для выхавання падрастаючага пакалення, каб падоўжыць і прапагандаваць ідэю незалежнасці Беларусі. І гэта перарасце з узроўню дэкларавання да таго, як людзі будуць сапраўды адчуваць нейкя пачуцці, перажыванні, — кажа гісторык.

Васіль Герасімчык перакананы, што кожны беларус у ім можа «знайсці нешта сваё, незалежна ад яго палітычных, рэлігійных ці іншых перакананняў. Для камуністаў ён — камуніст. Нацыяналісты могуць знаходзіць у ім вытокі нацыяналізму. Для моладзі ён беларускі Чэ Гевара. Сталае пакаленне можа ўзгадваць часы 80-х і 90-х, бо постаць Каліноўскага з гэтым перыядам звязана: творы „Каласы пад сярпом твам“, вершаваная спадчына. Рэлігійныя людзі прыпісваюць яму каталіцызм. А дзяржаўнікі могуць бачыць, што ён стаяў за моцную Беларусь».

Экскурсія прайшла 13 красавіка ў межах Фэсту экскурсаводаў.