Гарадзенцы чытаюць класіку і ашчаджаюць “на ўсім”

|

Першае пытанне, якое мы задалі, гучала так: “Якая з прачытаных у мінулым годзе кніг вам запамяталася ці падалася вартай увагі?”. Вынікі наступныя:

 

Адказ Колькасць чалавек

Класіка ХХ ст.

Сучасны мэйнстрым

Навуковая ці спецыялізаваныя літаратура  

Фэнтазі і фантастыка

Не любяць чытаць, не чытаюць, чыталі мала

Класіка ХІХ ст.

Цяжка вызначыць, шмат чыталі

Школьная літаратура

Біблія

Кнігі беларускіх пісьменнікаў

Дзіцячая літаратура

22

19

17

11

7

6

6

4

3

3

2

 

Як бачна з вынікаў, гарадзенцы хутчэй чытаюць, чым не – ўсяго сем чалавек прызналася, што не чыталі ў мінулым годзе або чыталі няшмат. Тэарэтычна, можна яшчэ адкінуць чатырох чалавек, што чыталі творы са школьнай праграмы: ёсць вялікае падазрэнне, што такое чытанне было не зусім дабраахвотным.

 

У любым выпадку, найбольш папулярнай апынулася катэгорыя “класіка ХХ ст.”. Туды мы цалкам суб’ектыўна ўключылі даволі розныя кнігі. Гэтак, у 2012 годзе гарадзенцы чыталі: “Уліс” Джэймса Джойса, “Цытадэль” ды “Малога прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, творы Набокава, Бродскага, Даўлатава, Салжаніцына і Булгакава, апавяданні і раманы Габрыеля Гарсіі Маркеса. Сярод іншых гучных прозвішчаў: Агата Крысці, Эрых Марыя Рэмарк і Сальвадор Далі.

 

Менш на слыху зараз такія, безумоўна, класічныя прадстаўнікі свайго часу, як Колін Макалаў (аўтарка “Тыя, што спяваюць у цярноўніку”), Уістан Х’ю Одан, Джон Брэйн ці Морыс Друон. “Праклятыя каралі” апошняга ўзгадвалі колькі разоў: магчыма, гэта звязана з экранізацыяй-серыялам 2005 года, які папулярны і зараз.

 

Не зусім ясна было, ці можна аднесці “Атлант расправіў плечы” Айн Рэнд да “класікі ХХ ст”, але гэтае пытанне было вырашана на карысць аўтаркі.

 

На другім месцы ў асабістых бібліятэках гарадзенцаў – “сучасны мэйнстрым”, яшчэ адна вельмі разнастайная ўнутрана катэгорыя.

 

Пятая частка апытаных чытала рознага кшталту “прыгоды з рэлігійным адценнем”, такія як Дэна Браўна “Анёлы і дэманы” ці “Іаанна – жанчына на папскім троне” Доны Вулфолк Крос, а таксама творы галоўнага бразільскага зануды Паола Каэлья. Чытаюць гарадзенцы і мінулагодняга фаварыта нобелеўскай прэміі японца Харукі Муракамі, а таксама Эльчына Сафарлі і Барыса Акуніна.

 

Эратычная тэматыка заўсёды папулярная: у мінулым годзе ў Гродне чыталі раман-бэстсэлер “Пяцьдзясят адценняў шэрага”, дзякуючы якому аўтарка Э. Л. Джэймс трапіла ў “100 самых уплывовых людзей свету” паводле Time у 2012 годзе, чыталі таксама правераны часам “9 ½ тыдняў”, паводле якога зняты вядомы фільм з Кім Бэйсінгэр і Мікі Руркам. Да сучаснага мэйнстрыму мы аднеслі таксама “Порна” Ірвіна Уэлша. Крыху нечаканым было для нас тое, што хтосці чытаў творвы Эндру Олвіка – пад гэтым калектыўным псеўданімам хаваюцца тры (!) беларускія аўтары, што напісалі аповесць “Сляды апосталаў” – тую самую, паводле якой у 2012 годзе ў Гродне здымалі кіно.

 

Дарэчы, з уласна беларускай літаратурай сітуацыя не вельмі добрая: сярод апытаных усяго некалькі чалавек чытала ў мінулым годзе Караткевіча (“Хрыстос прызямліўся…” і “Чорны замак…”), Арлова і Дануту-Бічэль (кніга ўспамінаў “Хадзі на мой голас”).

 

Яшчэ дзве беларускія кнігі – “Гродназнаўства” і “Магдэбургская Гародня” – трапілі ў наступную катэгорыю: навуковая і спецыялізаваная літаратура. У гэтай катэгорыі 17 са 100 гарадзенцаў чыталі даведнікі па SEO, экзістэнцыйнай псіхатэрапіі, кнігі пра віно і пра гадаванне дзяцей. Найбольш цікавым адказам была кніга Джарэда Тэндлера “Гульні розума” пра псіхалагічныя аспекты гульні ў покер. Магчыма, хтосці думае спалучыць прыемнае з карысным і навучыцца зарабляць гульнёй сабе на жыццё.

 

Кожны дзясяты з апытаных прачытаў штосці з гатунку фэнтазі або фантастыкі. Не меншае папулярнасць “Хобіта” і “Ведзьмака”, раскручваецца ў нас таксама “Песня Ільду і Полымя” Джорджа Марціна – відавочна, прычына ў звышпапулярным серыяле-экранізацыі “Гульня тронаў”. Таксама, падазраем, што сёлетняя экранізацыя “Галодныя гульні” Сюзан Колінз прыцягнула да кніжнага арыгінала чытачоў. Актыўна чытаецца класіка фантастыкі (Брэдберы) і расійскія аўтары (Д’ячэнка, Олдзі і іншыя).

 

Апошняй значнай групай мы вызначылі “класіку ХІХ стагоддзя”: гарадзенцы чыталі Фёдара Дастаеўскага, Оскара Уайльда, Генрыха Сенкевіча. Цалкам нечаканым стала для нас прысутнасць сярод адказаў “Гразавога перавала” Эмілі Бронтэ.

 

Другое пытанне, з якім мы звярнуліся да нашых чытачоў і не толькі: “Якім чынам вы будзеце беражлівым/эканомным у 2013 годзе?”. Аказалася, што берагчы і эканоміць – зусім не адно і тое ж!

 

Адказы Колькасць чалавек

Будуць берагчы здароўе, сябе, сям’ю, блізкіх, родных, сяброў, адносіны

Ужо эканомяць (будуць эканоміць) на ўсім

Будуць эканоміць на вопратцы, касметыцы, упрыгожаннях

Эканоміць не будуць або не ведаюць на чым

На тым, што непатрэбна

Будуць берагчы нематэрыяльныя каштоўнасці, свой розум, сумленне

Гатовыя эканоміць на забавах

Будуць ашчаджаць на электрычнасці/святле

Эканоміць на тэхніцы/гаджэтах

На ежы

На падатках

На паездках

Эканоміць свой час

Ашчаждаць – справа краіны

 

23

14

12

10

9

7

6

5

4

3

3

2

1

1

 

Як можам заўважыць, для значнай часткі апытаных слова “беражлівасць” асацыюецца хутчэй пазітыўна. Яны (першы і шосты пункты разам, агулам 30% адказаў) збіраюцца берагчы “штосці”: адносіны, сяброў, каханых, здароўе. Ніякага намёку на нейкую эканомію “на чымсці”.

 

Наступны па папулярнасці адказ: “Буду эканоміць/ужо эканомлю на ўсім”. Так адказаў кожны сёмы апытаны. Цікавы кантэкст такіх адказаў. Аказалася, што для кагосці гэта сапраўды максімальнае абмежаванне выдаткаў, а для кагосці – трохзоркавыя гатэлі замест чатырохзоркавых, пакупка аўтамабіля меншага класа і пераход з “брэндавай” вопраткі на “звычайную”. Адказ пры гэтым гучаў аднолькавы – “эканоміць на ўсім”.

 

Сярод іншых спосабаў “эканоміі на ўсім”: жыццё з бацькамі, жыццё “простае” (іншымі словамі, з пакупкамі толькі таго, што патрэбна) і, складанае ў рэалізацыі, але сапраўды эфектыўнае, планаванне пакупак.

 

Дзевяць чалавек з 100 цалкам лагічна збіраецца эканоміць “на тым, што непатрэбна”. Між іншым, на цыгарэтах – адзін з рэспандэнтаў паведаміў нам, што кінуў паліць і гэта дае яму значную эканомію.

 

Кожны дзясяты адказаў, што не будзе эканоміць. Тлумачылі свае адказы гэтыя асобы вельмі па рознаму. Хтосці зарабляе дастаткова, каб не задумвацца, а хтосці проста не ў стане эканоміць, бо не мае з чаго. Пытанне выклікала і даволі агрэсіўныя каментары, кшталту: “Ніяк не буду эканоміць. Ішлі б яны… Зволіць палову чыноўнікаў і распусціць парламент – вось была б эканомія”.

 

Як бачна з вынікаў, усяго адна асоба сказала, што справа эканоміі гэта справа краіны і ў нашай сітуацыі перадусім трэба на дзяржаўным узроўні эканомна выдаткоўваць рэсурсы, змяншаць энергаёмістасць, уводзіць сістэмы перапрацоўкі смецця і г.д.

 

Нагадаем, што “Год беражлівасці” прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка аб’явіў ва ўказе №537 ад 29 лістапада 2012 г. Прасачыць, чаму, згодна з воляй прэзідэнта, былі прысвечаныя мінулыя гады, можна на інфаграфіцы TUT.BY ніжэй (націсніце, каб пабачыць у большым памеры):

align=”middle” >

Інфаграфіка Аляксандра Корсакава, TUT.BY

 

Ілюстрацыя: афіцыйны лагатып “Года кнігі”. “Год беражлівасці” свайго лога яшчэ не мае.