Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” адзначыў Каляды і сышоў у адпачынак
Традыцыйна слухачы УЗВ адзначылі заканчэнне першага семестру навучання каляднай вечарынай. У Доме культуры “Цветліт” панавала святочная навагодняя атмасфера.

Святочны тон адразу ж задаў выступ хору беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”. Паўгадзіны госці заварожанна слухалі спевы: у выкананні хору прагучалі беларускія калядкі і духоўныя песні.

Цёплымі словамі павітала прысутных кіраўнічка праграмы Лана Руднік. Пра поспехі і дасягненні першай паловы акадэмічнага году распавёў старшыня ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік. Іх з’яўленне на сцэне ў святочных строях выклікала сапраўдныя авацыі.

Не абышлося і без Святога Мікалая, які “выпадкова” трапіў на свята з самой Лапландыі. Пад яго камандаваннем пачаліся танцы і карагоды вакол елкі.

Некаторыя навучэнцы, як у дзяцінстве, расказалі дзіцячыя вершыкі і распавялі, якія яны былі добрыя ўвесь гэты год. Два мяхі падарункаў ад Святога Мікалая дачакаліся свайго часу і знайшлі новых гаспадароў – ніхто не сышоў з пустымі рукамі.

Добрай святочнай ноткай стаў традыцыйны візіт калядоўшчыкаў.
У канцы сябры праўлення УЗВ правялі конкурс на лепшы строй. Пераможцамі конкурса сталі ўсе, хто быў у карнавальных масках і строях: кожны атрымаў маленькія падарункі.

Секцыі УЗВ, што працуюць у гэтым годзе, прэзентавалі сябе на сцэне ДК і ля елкі
Калядная вечарына сабрала рэкордную колькасць гасцей – больш за 150 чалавек. Увогуле, гэты акадэмічны год у межах УЗВ багаты на рэкорды: колькасць секцый павялічылася да 17, на ўдзел у праграме было пададзена 200 заявак пры наяўных 100 месцаў, блог УЗВ перамог на Фестывалі нефармальнай адукацыі у намінацыі “Лепшы сайт/блог у сферы нефармальнай адукацыі”, спецыяльны прыз атрымаў цыкл відэаролікаў, прысвечаных “Універсітэту Залатога Веку”. Кіраўніцтву праграмы сапраўды ёсць чым ганарыцца.
Зараз навучэнцы УЗВ разышліся на канікулы. Заняткі адновяцца 15 студзеня 2013 года.

|
Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” быў створаны ў красавіку 2010 года сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.
За гэты час удзел у праграме ўзяло больш за 150 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год. Сёлета прыярытэт у час набору мелі асобы ва ўзросце 55+, людзі, якія наведвалі УЗВ у папярэднія гады, а таксама ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій. |
||
