Дом купца Мураўёва стаў намінантам на атрыманне антыпрэміі фестывалю AD.NAK
Гэты надпіс робіць здымак вартым антыпрэміі “Каша сувораўская” фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK. Намінацыя збірае найгоршыя прыклады рэкламы, што скажаюць беларускую гісторыю ці сучаснасць. У гэтую намінацыю прымаюцца работы, якія ментальна ці ідэйна супярэчаць беларускай культуры і традыцыі. Удзельнікам можа стаць любы, хто заўважыць супярэчнасць у рэкламе.
“Менавіта ж за пралітую беларускую кроў Кацярына ІІ «пожаловала в вечное и потомственное владение» Сувораву Кобрынскую воласць з 13.279 душамі сялян – за разбіты пад Крупчыцамі корпус паўстанцаў Серакоўскага. Увесь ягоны ўклад у беларускую гісторыю – кроў нашых продкаў. Вось за такое стаўленне да беларускай гісторыі фестываль AD.NAK! зладзіў адмысловую антыпрэмію – “Каша сувораўская”, падаваць працы ў гэту намінацыю можа кожны,” – пішуць арганізатары конкурса на старонцы УКантакце.
Прыём работ на ўдзел у Трэцім фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! заканчваецца 11 чэрвеня. Аргкамітэт фестывалю нагадвае, што ўдзел у фестывалі БЯСПЛАТНЫ, таму кожны, каму цікавая беларускамоўная рэклама, можа паспрабаваць свае сілы і падаць свае работы.
Сёлета конкурсная праграма фестывалю складаецца з 11 намінацыяў і 7 конкурсаў. Намінацыі разлічаныя на прафесіяналаў у рэкламнай сферы.
Сярод намінацый вылучаецца Антыпрэмія “Каша сувораўская”, дзе ўдзельнікам можа стаць любы, хто заўважыць супярэчнасць у рэкламе.
Ужо трэці год запар ладзіцца конкурс канцэптаў, якія не знайшлі практычнай рэалізацыі. Супольна з арганізатарамі бізнэс-гульні BigIn ладзіцца конкурс “Alma Матуля”, разлічаны на студэнцкую аўдыторыю. Ім прапануецца стварыць канцэпцыю прасоўвання брэнду свайго ўніверсітэта з выкарыстаннем сучасных сродкаў камунікацыі. Конкурс падтрымалі Бізнэс-школа ІПМ і партал RABOTA.TUT.BY.
Людзі, што любяць беларускую мову, могуць узяць удзел у конкурсе “Убач сваю мову”. У ім неабходна стварыць постар альбо серыю постараў фармату А3, у якіх будуць прадэманстраваныя выгады выкарыстання беларускай мовы ў штодзённым жыцці.
Супольна з фотастудыяй ZНЯТА Studio ладзіцца конкурс рэкламнага фотаздымка. Сёлета ён ладзіцца ў чатырох паднамінацыях: “СМАЧНА”, “ПРЫГАЖОСЦЬ”, “РОДНЫ КУТ”, “ІМІДЖ AD.NAK!”.
Самы еўрапейскі беларускі мабільны аператар velcom падтрымаў конкурс “Еўропа ўнутры Беларусі”. Удзельнікі конкурсу павінныя даслаць у любой зручнай для іх форме ідэю, якая б паказала Беларусь як еўрапейскую краіну.
Мыльны брэнд KARALI заснаваў конкурс “У мыле сэнс” на найлепшую назву і запакоўку для мыла. Конкурс праводзіцца ў дзвюх намінацыях: гатунак мыла для мужчын і гатунак мыла, які адлюстроўвае значны культурны альбо гістарычны феномен.
А для конкурсу пераагучвання сёлета выстаўлены ролік брэнду Jim Beam. На сайце Фестывалю AD.NAK! можна спампаваць відэадарожку, на якую неабходна накласці запісаны беларускі тэкст.
Ва ўсіх конкурсах і намінацыях пераможцаў чакаюць дыпломы і каштоўныя прызы ад партнёраў фестывалю.
Кульмінацыяй Фестывалю стане Вялікі фестывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма Фестывалю будзе складацца з серыі майстар-класаў беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся ў аргкамітэт Фестывалю праз тэл.: +375 29 177-0121, 29 755-1434, +375 25 978-9787 альбо e-mail: [email protected].