Хто пабудуе безбар’ернае асяроддзе паміж людзьмі?
У Гродна, як і ў любым горадзе любой краіны, жывуць людзі з разнастайнымі фізічнымі асаблівасцямі. Як часта іх можна бачыць на вуліцах і ў крамах, на працы і ў школе, тэатрах і кіно?
Перамяшчацца ў вазку, з дапамогай белай палкі альбо на мыліцах, размаўляць на мове жэстаў, насіць пратэз – не значыць быць назаўжды замкнутым у сценах сваёй кватэры.
У якія асяродкі і супольнасці могуць уключацца гродзенцы з абмежаванымі магчымасцямі? Дзе могуць вучыцца, працаваць і адпачываць людзі ў любым стане здароўя? Не заўжды даступнасць такіх месцаў вымяраецца ступенню выкананасці дзяржаўнай праграмы “Безбар’ернае асяроддзе”.
Як пераадолець цяжкасці і стэрэатыпы ў камунікацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі і без іх? Хто зруйнуе бар’еры паміж намі? Пра гэта пойдзе гаворка пад час дыскусійнай пляцоўкі, якую арганізуе грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”.
Таксама пад час мерапрыемства можна будзе даведацца пра інтэграцыйныя гурткі, курсы, месцы працы і вучобы ў Гродна, у якіх могуць праводзіць час і самарэалізоўвацца людзі з рознымі фізічнымі асаблівасцямі.
Да ўдзелу запрошаны людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іх бацькі і апекуны, сябры “Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў”, “Гродзенскага дзіцячага хоспіса”, ініцыятыўнай групы “Крок насустрач”, эксперты “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”, журналісты. Мадэратар дыскусіі – эксперт “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” Галіна Крот.
Мерапрыемства адкрыта для ўсіх зацікаўленых. Ахвотныя прыняць удзел у дыскусіі просім заяўляцца па адрасе [email protected] альбо па тэлефоне 8029 7843221.
Пачатак у 18 гадзін.
Здымак з nnd.name