Як Гожа святкавала Каляду
Па словах гожцаў, традыцыю калядаванняў менавіта на Стары Новы год заснавалі жыхары, што пераехалі ў вёску з зоны адсялення Гомельшчыны:
– У іх было прынята калядаваць у гэты час, і мы з павагай аднесліся да традыцый гэтых цудоўных людзей! – паведаміла “Твайму Стылю” адна з карэнных жыхарак Гожы.
Сёлетнюю праграму калядаванняў распрацавала “Суполка беларускай культуры”. Яе ўдзельнікі “збіралі” народны фальклор па Гродзеншчыне, а потым самі развучвалі песні і танцы.
– Канешне, дадзены варыянт калядаванняў будзе адрознівацца ад тых, што праводзіліся на Гомельшчыне… Але спадзяемся, што і ён усё-такі спадабаецца нашым вяскоўцам! – хваляваліся ўдзельнікі суполкі, калі збіраліся рушыць у кірунку Гожы.
alt=”Image 18786″ >
Але неўзабаве заснежаныя вуліцы вёскі напоўніліся гоманам і звонкімі песнямі, і хваляванне знікла само сабой.
Жыхары віталі моладзь прыязна і гасцінна запрашалі прайсці ў хату.
Калядоўшчыкі вадзілі з сабой Казу, а праграма калядаванняў складалася з традыцыйнага вітання гаспадароў, калядных песень, “смерці” Казы, “прасілак”, “дзякавалак”, ды пажадання дабрабыту і міру гаспадарам.
На тварах гаспадароў ззялі шчырыя ўсмешкі, моладзь глядзела з цікавасцю і захапленнем, а пажылым людзям, мабыць, прыпомнілася іх маладосць.
Услед чулася:
– Дзякуем! Дзякуем, што адраджаеце, не дазваляеце загінуць традыцыям!
– Вы стварылі для нас сапраўднае свята, прынеслі нам радасць!
– Абавязкова чакаем вас у наступным годзе!!
Тым часам моладзь “Суполкі беларускай культуры” ўжо распачала падрыхтоўку да Масленіцы і шчыра запрашае усіх жадаючых ды зацікаўленых да ўдзелу.
Звязацца з захавальнікамі беларускіх традыцыяў можна праз сацыяльную сетку: http://vkontakte.ru/belarusianculture
Здымкі аўтара