Ад доміка майстра засталася адна сцяна
Спачатку быў зняты дах, потым дэмантавалі драўляныя сцены.
Засталася толькі мураваная сцяна.
У планах працы – узмацніць падмурак і замяніць падгніўшыя элементы. Будаўнікі абяцаюць скончыць працу да зімы.

Гэта так званая “рэканструкцыя па-савецку” ці імітацыя рэканструкцыі: калі будынак амаль знішчаецца, а потым ствараецца яго копія.

Пра лёс будынка “ТС” распавядае краязнавец Ігар Лапеха:
– Да савецкага часу ў Гародні існавала каля дзясятку домікаў, пабудаваных па ўказанні Антонія Тызенгаўза для пражывання сем’яў еўрапейскіх рамеснікаў і майстроў, якія ўдзельнічалі ў арганізацыі мануфактур.

>
У савецкія часы яны былі масава знесены.
Домік, дзе зараз музей гісторыі Гарадніцы, цудам ацалеў.
Але ў 1989 годзе адбылася яго рэканструкцыя: домік, акрамя мураванай сцяны, быў фактычна знесены, і зроблена яго копія.
Таму зараз гістарычнай каштоўнасці гэты домік не мае.
Помнік архітэктуры – гэта толькі мураваная сцяна.
Магу сказаць, што яна ў добрым стане і ёй нічога не пагражае.

А зараз робяць рэканструкцыю, бо ў 1989 было пакладзена мокрае дрэва, з’явіліся шчыліны.
Гэта і ёсць прычына аварыйнага стану. Нягледзячы на тое, што прайшло крыху больш за 20 год.
Фота аўтара
