Гродзенскага журналіста вінавацяць у абразе прэзідэнта

|

Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках  «Gazety Wyborczaj», сайта «Белорусский партизан», і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.

 

Пра крымінальную справу Пачобуту 28 сакавіка паведаміў у абласной пракуратуры следчы па найважнейшых справах Арсеній Нікольскі.

 

Як паведаміў «Нашай Ніве» Андрэй Пачобут, сёння ў пракуратуры яго спрабавалі дапытаць у якасці падазраванага, але ён адмовіўся, заявіўшы, што будзе даваць тлумачэнні толькі ў судзе.


«Магчыма, пад уплывам падзей вакол Міхалевіча, але ў пратаколе было пазначана, што на мяне ў ходзе размовы не аказваўся ціск», — кажа журналіст.

 

Яго азнаёмілі з абавязкамі падазраванага, патлумачыўшы, што ён абавязаны з’явіцца ў пракуратуру па першым выкліку.

 

Ягоная справа накіраваная на папярэдняе расследаванне да начальніка следчага аддзела абласной пракуратуры Пашкоўскага.

 

Андрэй мяркуе, што яго могуць кінуць за краты, але не збіраецца з’язджаць з Беларусі. Кажа, што будзе далей працаваць — пісаць у «Выборчу», на «Белпартызан», у блог.

 

«Gazetа Wyborcza» аператыўна зрэагавала на падзеі ў Беларусі.

 

На сайце выдання ў найгалоўным артыкул пра беларускага карэспандэнта.

 

У ім змешчаны спасылкі на «абразлівыя» артыкулы журналіста.

 

Магчыма, гэта першы выпадак у Беларусі калі кагосьці вінавацяць за абразу дзяржчыноўніка ў блогу.

 

Нагадаем, што раней за абразу кіраўніка краіны былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка, Віктар Івашкевіч, палітык Андрэй Клімаў, прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, праваабаронца Кацярына Садоўская.

 

Паводле http://nn.by