Шукаем вобраз Беларусі
Калі ты малады, крэатыўны, любіш сваю Радзіму і маеш што адказаць на гэтыя пытанні – далучайся да праекту «Беларусь гэта…. ». Кожнае меркаванне будзе пачутае, і магчыма менавіта твая ідэя будзе ўвасобленая ў новай сувенірнай прадукцыі.
Культура кожнага народу мае свае сімвалы. Яны прэзентуюць унікальнасьць і непаўторнасць кожнай краіны, яе адметныя рысы. Нідэрланды пазнаюць па ветраках і цюльпанах, Аўстралію – па кенгуру, Расію па самаварах і матрошках. А з чым у замежнікаў, а перад усім у нас саміх, асацыюецца Беларусь? З бульбай, трактарамі, ці наогул ні з чым?
У краіне з тысячагадовай пісьмовай культурай, з багацейшай фальклёрнай спадчынай, рынак сувенірнай прадукцыі не самы багаты і разнастайны. Таму мы прапануем менавіта вам, маладым беларусам, вызначыць, што варта лічыць сваім, атаясамляць з роднай краінай.
Цягам месяца мы будзем прымаць прапановы бачання вобразаў Беларусі, каб пасля найбольш папулярныя выставіць на шырокае абмеркаванне і галасаванне. Па яго выніках будзе выраблена сувенірная прадукцыя з сімваламі-пераможцамі. Кожны з актыўных удзельнікаў дыскусіі будзе мець магчымасць атрымаць сабе значак, бралок ці іншы сувенір з абранай выявай. А аўтары трох лепшых прэзентацый будуць узнагароджаныя.
На спабор прымаецца тэкст не большы за 12 сказаў. Ён мусіць пачынацца са словаў Беларусь гэта…, і далей мець назву і апісанне той рэчы, з’явы, якім, вы лічыце, беларусы могуць сапраўды ганарыцца. А таксама ўтрымліваць абгрунтаваны адказ на пытанне, чаму гэты сімвал варты пашаны. Можна дадаваць ілюстрацыі, але не абавязкова. Прапанаваныя сімвалы могуць быць любымі: прадметы побыту і рамесныя тэхналогіі, артэфакты, міфалагічныя персанажы і іншыя элементы культуры. Вобразы могуць мець канкрэтнае ўвасабленне альбо быць абстрактнай з’явай.
Адзінае, яны мусяць быць дакладна беларускімі, пажадана ўнікальнымі (не мець аналагаў у іншых культурах), і не з’яўляцца дзеючай сімволікай арганізацый і ўстановаў. Прапановы можна выкладаць ўкантакце (http://vkontakte.ru/club19072840) ці дасылаць на скрыню [email protected]. Вашыя варыянты будуць адразу бачныя ўсім ўдзельнікам на вэб-пляцоўцы ўкантакце і даступныя для абмеркавання. Але асноўны выбар будзе зроблены пазней, у часе галасавання. Распавядзіце ўсім, якая яна – Беларусь!
Паводле Кронікі грамадскага жыцця Гарадзеншчыны
Ілюстрацыя http://pda.privet.ru/community/paam