Якой шчаслівай можа быць старасць

|

Нашай мэтай было азнаямленне з яго структурай і дзейнасцю, каб пасля нешта падобнае стварыць у сябе. Польскаму боку ёсць што паказаць. Таму праграма была надзвычай насычанай.

 

Штодзень – лекцыі, семінары, прэзентацыі. І ўсе, з кім мы сустракаліся, шчыра і шчодра дзяліліся сваім вопытам, карыснай інфармацыяй.

 

Разам са слухачамі Ўніверсітэту Трэцяга веку мы вучыліся трэніраваць цела і памяць, правільна харчавацца.

Нас цёпла прымалі ў секцыях народнай творчасці і выяўленчага мастацтва.

>

Працаўнікі турыстычнай секцыі правялі незабыўную экскурсію па старажытным Уроцлаве.

А хор пенсіянераў настолькі зачараваў нас сваім майстэрствам і польскай песняй, што нам захацелася аддзячыць і паспяваць сваё, беларускае, хоць да гэтага большасць з нас ніколі на публіку не спявалі.

 

Пад беларускую «Купалінку» сёй-той змахваў няпрошаную слязу. Гэтак жа расчулі нас у выкананні хору «Польскія квяты». Дарэчы, і гэтая даравальная сентыментальнасць, і непрытворны патрыятызм, і гасціннасць, здалося нам, робяць палякаў і беларусаў вельмі падобнымі – нездарма мы блізкія суседзі.

 

Уразіла асяроддзе, у якім правяла нашая група пяць дзён на польскай зямлі.

 

Сустракаліся і кантактавалі найбольш з людзьмі сталымі, іншым ужо пад 80 і нават больш гадоў. Але на ўзрост забываешся, калі бачыш добра апранутых дагледжаных кабет, падцягнутых мужчын. Бадзёрасць і аптымізм, усмешкі на тварах, бляск у вачах…

 

Хочаш – не хочаш, мусіш паверыць, што пасля 60-ці жыццё і сапраўды толькі пачынаецца.

А чаму не? Нарэшце атрымліваеш шанец рэалізаваць дагэтуль прыхаваныя здольнасці, аддацца любімай справе, на якую раней не меў часу, або падарожнічаць з сябрамі…

Шчаслівая старасць – галоўная ідэя ўніверсітэтаў трэцяга веку, якіх толькі ва Ўроцлаве, як мы даведаліся, ужо сем.

 

Шчаслівая – значыць, годная, фізічна, інтэлектуальна і сацыяльна актыўная.

 

Такая старасць, калі ты не выключаны з жыцця, не застаўся сам-насам з хваробамі, адзінотай, дэпрэсіяй, а гэта пагражае кожнаму, хто скончыў сваю кар’еру і адпраўляецца на пенсію.

Стасункі з польскімі пенсіянерамі пераканалі, што ўніверсітэты накшталт таго, з дзейнасцю якога мы пазнаёміліся, ламаюць стэрэатыпы старасці, вымушаюць слухачоў да самаўдасканалення і ў рэшце рэшт робяць іх жыццё больш якасным і паўнакроўным.

 

Вядома ж, захацелася адкрыць новыя магчымасці нашым суайчыннікам.

 

Натхнёныя польскімі сябрамі, мы вярталіся ў Гродна з цвёрдым намерам арганізаваць свой універсітэт сталага, ці, як у нас кажуць, залатога веку. Ідэя знайшла падтрымку ў асяроддзі беларускіх пенсіянераў. І сёння праца над праектам ужо распачалася.

Шчыра дзякуем за дапамогу польскім каардынатарам, а таксама ўсім-усім, хто клапатліва і цёпла апякаў нас ва Ўроцлаве.

 

Арганізатарамі візіту ва Ўроцлаў былі грамадскія аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар” (Гродна), “Дом сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса” (Уроцлаў), а таксама Універсітэт Трэцяга Веку пры Уроцлаўскім універсітэце.

 

Фотаздымкі Ланы Руднік