АД ЦЯБЕ ЗАЛЕЖЫЦЬ НАКЛАД

|

Паводле прапановы «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Міністэрства інфармацыі запланавала гэтае выданне на 2010 год накладам 12 тыс. асобнікаў і ўключыла яго ў план выпуску сацыяльна значных выданняў выдавецтва «Беларусь» з адпаведным фінансаваннем з рэспубліканскага бюджэту.

Пра гэта гаворыцца ў лісце намесніка міністра інфармацыі Ігара Лапцёнка ад 10 лютага на зварот старшыні ТБМ Алега Трусава, накіраваны 29 студзеня. Прапановы ТБМ аб выданні беларускамоўных кішэнных, перакідных і насценных календароў, прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, у тым ліку 600-годдзю перамогі беларусаў у складзе войска Вялікага княства Літоўскага пад Грунвальдам, накіраваныя ў падведамасныя міністэрству прадпрыемствы для вывучэння магчымасці выдання.

У інтэрв’ю БелаПАН А.Трусаў заклікаў усіх прыхільнікаў роднага слова, асабліва ў рэгіёнах, замаўляць у мясцовых кніжных магазінах каляндар «Родны край» на наступны год, бо яго канчатковы наклад будзе вызначаны пасля ўдакладнення замоў кнігагандлёвых арганізацый пры падпісанні выдання ў друк.

ТС