Бясплатны сыр (не) толькі ў мышалоўцы, ці як фудшэрынг (не) працуе ў Гродне
Фудшэрынг прыдумалі ў Берліне, дзе і зараз ён папулярней, чым дзе-небудзь яшчэ.
Па шчаслівым збегу абставін у гэтым горадзе вось ужо чвэрць стагоддзя жыве рускамоўная топ-блогерка Яна Франк, таксама вядомая як miumau – запатрабаваны ілюстратар, аўтар не аднаго бэстсэлера і, па сумяшчальніцтве, фудсэйвер (гэта значыць, літаральна, “выратавальнік ежы”, удзельнік руху) і найактыўны папулярызатар фудшэрынга. З яе блога, у асноўным, і запазычаны мае веды пра гэту з’яву.
Фудшэрынг гэта “па выратаванні ежы ад утылізацыі, накіраваны на захаванне рэсурсаў планеты і супраць звышспажывання”. Тым не менш, размах у яго куды большы, чым можна было б падумаць. Фудшэрынг не пра тое, як аддаць пачатую банку згушчанкі ці бутэльку энергетыка, смак якога не па душы. Ва ўсякім выпадку, не толькі пра гэта.
Фудшэрынг быў прыдуманы для таго, каб выратаваць ад наканаванай згубы тоны прыдатнай да ўжывання ежы, што ў развітых краінах штодня адпраўляюцца на сметнік. Хто ж выкідвае яе? І навошта? Паспрабуем разабрацца.
“Крама гэтага не прадасць”
Адказ геніяльна просты: так хоча каралева – у сэнсе, загадвае закон. У фільме “Траса 60” работнік склада спецыяльна кідае на пол скрыню са спагецці і са словамі: “Не кандыцыя. Крама гэтага не прадасць. Прыйдзецца забраць дадому”. Гэта – не адзіны выпадак, калі ежа цалкам сабе нічога, але – “крама гэтага не прадасць”.
Самы відавочны таму прыклад гэта прадукты з тэрмінам прыдатнасці, што хутка сыходзіць. Іх спрабуюць прадаць, пакуль гэта яшчэ магчыма, хоць бы за паўцаны, таму што вельмі хутка браць за іх грошы будзе нельга зусім. Хоць нават тады прадукты яшчэ нейкі час будуць цалкам ядомымі.
Варта адзначыць, што ў той жа Германіі існуе закон, які забараняе прадаваць ежу з халадзільніка, калі ён не працаваў больш за сорак хвілін (напрыклад, калі электрычнасць адключылі). Ці варта казаць, што шлях ад крамы да хаты нярэдка займае ў нас больш часу? Ці значыць гэта, што па прыбыцці дадаму мы адправім правізію ў кош са смеццем? Думаю, што не.
Аднадзённая ежа
Іншы прыклад – буфеты як спосаб арганізацыі сілкавання: напрыклад, у сталовых, кавярнях, дзе ежу рыхтуюць загадзя ў вялікіх колькасцях, або ў гатэлях, дзе буфеты працуюць у час сняданку. У такіх месцах ежу рыхтуюць кожны дзень новую, і, калі ўсю яе за змену не разбіраюць, рэшткі выкідваюць.
Падобны прыклад – булачныя кшталту “гарачы хлеб” і пякарні, куды кліенты заходзяць за свежым хлебам (інакш навошта яшчэ). У канцы кожнага дня ўсё, што не распрадалі, да продажу непрыдатна. І нават вялікія зніжкі на прадукцыю ў апошнія гадзіны працы ўстановы не заўсёды дапамагаюць выратаваць яе ўсю. Тое ж адбываецца з ежай, прызначанай для разнастайных рэкламных акцый – напрыклад, дэгустацый у вялікіх крамах. Калі вытворца спрабуе звярнуць увагу сваіх патэнцыйных пакупнікоў на свежую выпечку, то яна павінны быць першай свежасці, інакш сэнсу ў гэтым няшмат.
А самі-та што?
Тут напрошваецца пытанне аб тым, чаму ж самі вытворцы, прамоўтэры і прадаўцы гэтых смакотак не ядуць іх, раз прадукты такія выдатныя. Справа ў тым, што ядуць. Але ўсё не з’ядаюць. І потым, нават клубніка з вяршкамі будзе не мілая, калі есці яе штодня.
Я сустракала людзей, якія па службе мелі доступ да ежы, што “адпрацавала сваё”. Напрыклад, адна з іх у маладосьці падзарабляла прамоўтэрам, і рэкламавала, сярод іншага, тарты. Тое, што не атрымлівалася “скарміць” зацікаўленымі наведвальнікам крамы, яна забірала з сабой. Першыя дні хатнія з задавальненнем частаваліся ўчарашнімі тартамі, але ўжо праз тыдзень сталі круціць носам.
Іншая мая сяброўка нейкі час працавала мэнэджарам у сеткавай кавярні. Аднойчы я асабіста назірала, як, зачыняючы яе на ноч, яна брала сабе на сняданак ёгурт і нейкіх ролаў і прапаноўвала мне зрабіць тое самае, бо усё астатняе адпраўляецца на сметніцу. Яна, вядома, магла б паклапаціцца пра лёс нераспраданых прадуктаў, але ў жыцці былі заняткі цікавейшыя за штовечаровыя пошукі ахвотных пачаставацца ўчарашнімі паніні ды мафінамі. Вось калі б такія людзі самі знайшліся…
Сябры-ратавальнікі
І вось знайшліся! Гэта – фудсейверы. Яны “ратуюць” усю гэтую ежу і распараджаюцца ёю згодна са сваім меркаваннем. У асноўным удзельнікі руху забіраюць яе для сябе і для сваёй сям’і, дзеля гэтага звычайна і ўліваюцца ў фудшэрынг. Аднак часам ежы па-сапраўднаму шмат нават для цэлай сям’і. Напрыклад, Яна Франк пісала, як ёй аднойчы дасталася тры дзясяткі яек, а іншым раз – сорак (sic!) кілаграмаў садавіны.
Калі на галаву звальваецца такое шчасце, людзі пачынаюць думаць, як, што і каму можна аддаць. Частку ежы фудсейверы перадаюць сваякам і сябрам, частку – у дзіцячыя дамы, у лагеры бежанцаў, аддаюць бяздомным і г.д. Нарэшце, у розных частках Берліна ўсталявана некалькі халадзільнікаў, куды можна скінуць частку “выратаванай” ежы.
Мне многа не трэба
Здавалася б – суцэльнае свята. Цалкам так і ёсць. Хоць разам з бясплатнай ежай у фудсейвераў з’яўляюцца і пэўныя абавязкі. Паход за прадуктамі ў гэтай якасці значна адрозніваецца ад гультаяватага шпацыру па супермаркеце, дзе вы бераце тое, што падабаецца і ў патрэбнай колькасці: тут усё падпарадкоўваецца правілам, якія кожны ўдзельнік руху павінен памятаць.
Каб даказаць сваю “прафпрыдатнасць”, пачаткоўцу трэба здаць экзамен на веданне гэтых правілаў (анлайн-тэст), пасля ён атрымлівае магчымасць запісвацца ў розныя групы, якія фармуюцца вакол дакладных кропак – крамаў або рэстаранаў, якія вырашылі ўдзельнічаць у фудшэрынгу.
Фудсейвер можа выбраць некалькі кропак, зыходзячы са сваіх пераваг, магчымасцяў, і запісацца на зручныя для яго дні (пры ўмове, што што ёсць вольныя месцы). І так, трэба прыходзіць, у колькі папросяць (час агаворваецца загадзя) і браць, што даюць. Для гэтага крамы і пачынаюць супрацоўнічаць з вамі.
Ці магчымы такі фудшэрынг у нас?
Само сабой напрошваецца пытанне аб тым, ці магчыма такая схема ў нашых рэаліях? У каментарах да матэрыялаў аб фудшэрынгу ў Берліне я часта бачыла меркаванні аб тым, што з нашым менталітэтам такое немагчыма: што крамы лепш закапаюць прадукты, чым аддадуць іх дарма, а калі і аддадуць, то за імі ніхто не прыйдзе (фудшерынг патрабуе ад сваіх удзельнікаў вельмі, вельмі, вельмі сур’ёзнай арганізаванасці). Успамінаецца анекдот пра пакупніка, які цікавіцца ў прадаўца, ці сённяшнія гэта плюшкі, на што той адказвае, што яны не проста сённяшнія – яны яшчэ і заўтрашнія.
І ўсё ж, мне хочацца верыць, што гарадзенцам, пры жаданні, цалкам хопіць матывацыі арганізаваць нешта падобнае. Каб запусціць працэс, патрэбна каманда арганізатараў (чалавек трыццаць) і падрабязныя інструкцыі. Інструкцыі ляжаць у адкрытым доступе на партале нямецкага фудшэрынга, а іх вольны пераклад на рускую мову апублікаваны ў згаданым мной блогу. Да суполкі “Фудшэрынг. Аддам ежу дарам. Гродна” за месяц існавання падпісалася больш за 800 чалавек. Магчыма, сярод іх знойдуцца і тыя, хто складзе ініцыятыўную групу, якая зможа вывесці гарадзенскі фудшэрынг на новы ўзровень.