“Мы занадта далёка зайшлі, каб цяпер сумнявацца ў сабе”. Гарадзенскія “Варвары” гатовыя да новага сезону
Зараз у Гродне амерыканскім футболам займаецца каля 35 чалавек, амаль усе яны гатовыя выйсці ў суботу на першую гульню чэмпіянату.
Што змянілася за перыяд міжсезоння, распавядае галоўны трэнер Аляксей Серабракоў:
“Шчыра кажучы, змен не вельмі шмат. Мэтай мінулага сезону было атрымаць досвед, як гульнявы, так і арганізацыйны. Гэтую мэту мы дасягнулі, знайшлі агульную мову з начальнікам аддзела спорту і турызму аблвыканкама Алегам Андрэйчыкам”.
У міжсезонне футбалісты працавалі ў асноўным над фізічнай падрыхтоўкай, бо не было палёў каб займацца ўласна гульнёй. “Без манежа ў нашым відзе спорту цяжка праводзіць міжсезонне”, – тлумачыць Аляксей.
Цяжкасцяў у каманды шмат: няма пастаяннага месца для трэніровак, а на поле ЦСК “Нёман” не заўсёды атрымліваецца патрапіць. Жадаючых гуляць там вельмі шмат, а амерыканскі футбол далёка не ў прыярытэце. Таксама няма сталага месца для тэарэтычных заняткаў.
Каманда часова страціла некалькі ключавых гульцоў – у каго траўмы, а каго забралі ў армію. Новыя людзі з’яўляюцца, але не так масава, як хацелася б трэнеру. “Трэба працаваць над папулярызацыяй, але паколькі каманда існуе на сродкі саміх гульцоў, то грошай ледзь хапае на арэнду поля для трэніровак“.
Нягледзячы на цяжкасці, гульцы гатовы і сёлета пазмагацца за Кубак Лігі.
Што тычыцца самога чэмпіянату, то ва Усходняй Лізе Амерыканскага Футболу прайшоў шэраг змен. Топ-дывізіён паглынуў Чэмпіянат Расіі. З гэтага года Чэмпіянат мае новую назву – Ліга Амерыканскага Футбола (ЛАФ). Балтыйскі Дывізіён пакінулі рыжскія “Львы”. Латвійская каманда вырашыла развіваць свой брэнд Baltic Sea League. “Тытаны” з Тарту адправіліся ў Чэмпіянат Фінляндыі. На іх месца прыйшлі “Бурштынавыя Ястрабы” з Калінінграда.
Усё ідзе да таго, што ў бліжэйшы час вялікая частка ліг на постсавецкай прасторы аб’яднаецца пад адным брэндам – ЛАФ (Чэмпіянат Расіі). Ва УЛАФ ужо ў гэтым годзе разглядалі варыянт стаць дывізіёнам ЛАФ, але з-за шчыльнасці іх календара было вырашана, што каманды-удзельнiцы пакуль не пацягнуць гэта ні ў фінансавым, ні ў фізічным плане.
З-за праблем з візамі гарадзенскія “Варвары” скончылі сезон тэхнічным паражэннем
“У гэтым годзе будзем змагацца за выхад у фінал УЛАФ. Што тычыцца планаў па-за полем, то гэта ў першую чаргу папулярызацыя. Вельмі хочам змясціць нашу каманду на білбордах. З гэтай нагоды зараз камунікуем з “Карпарацыяй Спорту”, якая дапамагла ў гэтай жа справе ФК “Нёман”. Усё рэальна, быў бы энтузіязм, а гэта адзінае, што ў нас ёсць. Мы занадта далёка зайшлі і занадта шмат сіл і часу патрацілі на каманду, каб цяпер пачаць сумнявацца ў сабе“, – кажа Аляксей.
Сезон у “Варвараў” стартуе 16 красавіка хатняй гульнёй з мінскімі “Паганцамi”. Гульня пачнецца ў 15.00 на штучным полі ЦСК “Нёман”.